Бэтлеем-Егіпет-Назарэт – этапы першых гадоў зямнога жыцця нашага Госпада, якія Ён пражыў у сям’і. Гэтым сваім вандроўным жыццём, якому не хапае стабільнасці, бяспекі, абароны і спакою, Госпад суправаджае і асвячае беспрытульнае жыццё мігрантаў, бежанцаў, унутрана перамешчаных асобаў, якія вымушана пакідаюць родныя краі, каб ратаваць сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх ад усялякіх пагроз і небяспек, якія навіслі над імі.
Сёння сотні тысяч сем’яў былі вымушаныя пакінуць свае дамы і страцілі пачуццё бяспекі і сямейнай утульнасці з-за вайны;
Дзясяткі тысяч сем’яў смуткуюць з-за страты сваіх блізкіх і родных; нярэдка ў выніку ракетных удараў і бамбёжак ахвярамі агрэсіі становяцца цэлыя сем’і;
Дзясяткі тысяч сем’яў раз’яднаныя, бо мужчыны бароняць бацькаўшчыну і не могуць далучыцца да сваіх родных, якія знайшлі прытулак за мяжой.
Сёння мы ахінаем думкай і малітвай усіх людзей, якія, гнаныя вайною або сацыяльнымі ці эканамічнымі цяжкасцямі, цяпер ці раней пакінулі свае дамы. Скіроўваем думку за імі «на зямлі вольнага і нявольнага пасялення», каб прынесці ім Божае суцяшэнне і ўказаць на прыклад Святой Сям’і, якая, падобна як і яны, блукала ў пустыні, на чужыне, пакуль знайшла спачынак і стабільнасць у прахалодным ценю дома ў Назарэце.
Даручаем іх усіх заступніцтву Святой Сям’і, якая стала «правобразам кожнай сям’і бежанцаў, прыкладам і абаронцам кожнага мігранта, іншаземца і бежанца любога кшталту, незалежна ад таго, ці яны з-за страху перад праследаваннямі, ці з-за матэрыяльнай нястачы вымушаныя пакідаць родны край, сваіх любімых бацькоў і родзічаў у пошуках прытулку на чужыне».
Малітва Папы Францішка за мігрантаў:
Божа міласэрнасці! Давяраем Табе ўсіх, хто прайшоў шлях на чужыну, перажываючы страх, няўпэўненасць і прыніжэнні, каб дасягнуць месца бяспекі і надзеі. Як Ты не пакінуў Свайго Сына, калі вялі Яго на месца міру і бяспекі Марыя і Язэп, так сама будзь побач з гэтымі сынамі і дачкамі Тваімі праз нашу пяшчоту і апеку. Учыні, каб, клапоцячыся пра іх, мы спрыялі станаўленню такога свету, у якім ніхто не будзе вымушаны пакідаць родны дом і ў якім мы ўсе зможам жыць у годнасці, свабодзе і міры… Амін.
Ул. Багдан Дзюрах