Той, каго вабіць тое, што ўгары, а не на зямлі, хто не імкнецца да таго, што прамінае, але што трывае вечна, свае незнішчальныя скарбы бачыць у тым, пра каго кажа прарок: «Прыбліжаецца наш скарб і збаўленне, мудрасць, веды і пабожнасць ад Бога: вось скарбы справядлівасці» (пар. Іс 33, 6). Праз іх пры дапамозе Божай ласкі нават зямныя даброты пераменяцца ў даброты вечныя. Многія карыстаюцца багаццем, якое справядліва атрымалі ў спадчыну ці іншым чынам, для здзяйснення ўчынкаў міласэрнасці. Калі дзеляцца тым, што маюць з лішкам, збіраюць сабе незнішчальныя даброты; таму, што аддалі як міласціну, ужо не пагражае ніякая небяспека. Таму справядліва, каб іхняе сэрца было там, дзе знаходзіцца іхні скарб. Бо найбольшае шчасце ў памнажэнні менавіта такіх багаццяў, бо няма страху, што яны прападуць.
Св. Лявон Вялікі