“І сталася, калі там былі, прыйшоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына Свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала Яго ў яслі, бо не было для іх месца ў заездзе.” (Лк. 2, 6-7)
Уражальна і незвычайна проста апісвае евангеліст Лука эпахальную падзею, якая назаўсёды змяніла гісторыю чалавецтва, — нараджэнне Сына Божага, прышэсце на зямлю Бога ў целе, аб’яўленне Другой Асобы Святой Тройцы ў чалавечай постаці! Тое, што прарокі прадказвалі шмат стагоддзяў таму і чаго многія пакаленні народа Ізраіля так доўга чакалі і пра што так настойліва маліліся, нарэшце адбылося. Але адбылося зусім не так, як спадзявалася пераважная большасць членаў абранага народу, і, напэўна, не так, як бы гэтага спадзявалася большасць з нас.
Нават Ян Хрысціцель, Прадвеснік Хрыста, нарадзіўся ў цалкам прымальных абставінах: у доме, у родных сценах, у атачэнні родных, сяброў, суседзяў, якія з радасцю і прыхільнасцю чакаюць на момант нараджэння гэтага дзіцяці. Тым часам, Ісус нараджаецца далёка ад роднага дома, у халодным памяшканні, прызначаным для дамашняй жывёлы; Яго прыход адбываецца без належнай увагі і прыхільнасці атачэння, уласна кажучы, большасць жыхароў гэтай вёскі нават не заўважаюць Яго прыходу, застаючыся паглынутымі сваімі планамі і штодзённымі справамі…
Да канца гісторыі людзям, нават тым, хто называе сябе веруючым, будзе цяжка зразумець, а тым больш прыняць гэты незвычайны, дзіўны і нечаканы спосаб Божага дзеяння. З вуснаў не аднаго з іх зляціць умова: «Калі Ты Сын Божы, то…» — і далей, у залежнасці ад асобы і абставін, будзе ісці прапанова, больш падобная да спакушэння і правакавання Бога, чым да шчырага жадання прыняць гэтага Бога і ісці за Ім: «Скажы, каб гэтыя камяні зрабіліся хлебам» (Мц. 4, 3) або «кінься ўніз» (Мц. 4, 6), – прымушаючы Бога ўмяшацца, – «зрабі і для нас нейкі цуд» (гл. Лк. 23, 8; 4, 23; Мр. 6, 1-3), «скажы гэта ясна і выразна» (гл. Лк. 22, 67), не пакідаючы ні найменшага сумнення, «зыдзі з крыжа» (гл. Мц. 27, 40, 42), «выратуй самога сябе» (Лк. 23, 37).
Нават Хрыстовыя вучні не заўсёды маглі цалкам зразумець таямнічае дзеянне Бога ў Ісусе Хрысце. Вось Сымон Пётр, пачуўшы, што Ісус прадказвае сваё прыніжэнне і распяцце на Крыжы, робіць адчайную спробу адвесці яго ўбок, кажучы: «Госпадзе, няхай гэта з Табою не станецца!» – на што чуе рашучы папрок з вуснаў Збаўцы: «Ідзі ад Мяне, шатан, бо ты для Мяне згаршэнне. Бо не разумееш тое, што Божае, але што чалавечае» (Мц. 16, 23). На Апошняй Вячэры, калі Ісус пачаў абмываць ногі вучням, Пётр зноў даў волю свайму здзіўленню і неразуменню: «Не, не будзеш мыць мне ног увек!» На што Госпад спакойна адказаў: «Калі Я цябе не абмыю, не будзеш мець удзелу са Мной». (Ян. 13, 8 ) Тады супраціў Пятра змяніўся пакораю і даверам: «Госпадзе, не толькі ногі мае, але і рукі, і галаву».” (Ян. 13, 9)
Гэты супраціў апосталаў, мяркую, быў звязаны не толькі з неразуменнем Ісусавага дзеяння ці са спачуваннем да Ісуса, але таксама ў значнай ступені з падсвядомым страхам ступіць на той жа шлях, «выпіць тую самую чашу», наследаваць Божага Настаўніка ва ўласным жыцці. Аднак толькі пры такой умове мы зможам не проста называць сябе, але сапраўды быць Ягонымі вучнямі, хрысціянамі, а праз гэта рабіцца ўдзельнікамі абяцання збаўлення, якое Бог дае нам у Хрысце Ісусе.