Прыгадваю, як некалькі гадоў таму ў Кіеве вельмі актыўна дзейнічала новая рэлігійная група, якую ўзн…

Прыгадваю, як некалькі гадоў таму ў Кіеве вельмі актыўна дзейнічала новая рэлігійная група, якую ўзначальвалі, як потым высветлілася, звычайныя прайдзісветы. Яны пазбаўлялі людзей кватэр і іншай маёмасці, спекулюючы на ​​іх рэлігійных пачуццях і абяцаючы ім хуткае ўзбагачэнне і звышпрыбыткі з адной, як яны пераконвалі сваіх адэптаў, выгаднай «інвестыцыі». Немагчыма было не паспачуваць гэтым легкадумным людзям, якія потым скардзіліся на сваіх крыўдзіцеляў на прэс-канферэнцыі, і разам з тым было жаданне запытацца ў іх: «Людзі добрыя, а ў якога Бога вы верылі, калі ішлі за гэтымі фальшывымі прарокамі?! Хіба Ісус Хрыстос каму-небудзь са сваіх паслядоўнікаў абяцаў раскошнае жыццё і хуткае ўзбагачэнне ў гэтым свеце?»

Нам, хрысціянам, калі мы хочам быць вернымі Богу і свайму хрысціянскаму пакліканню, трэба пастаянна мець перад сваімі вачыма сапраўдны спосаб дзеяння нашага Бога, а не праецыраваць на Яго ўласныя ўяўленні і чаканні. Бо інакш, нават называючы сябе хрысціянамі, мы не будзем мець удзелу ў Божым жыцці, а таму не станем удзельнікамі Божага Валадарства, якое пачало сваё пераможнае шэсце ў простай убогай бэтлеемскай стайні.

Малітва: Госпадзе Ісусе, неспасцігальны ў сваіх справах і планах! Навучы мяне пакорліва і з даверам прымаць Твой спосаб дзеяння ў свеце і ў маім жыцці. Дай мне адвагу ісці за Табою дарогаю крыжа, дарогаю любові, дарогаю служэння. Няхай евангельская прастата, гатоўнасць да самаахвяравання, давер і поўнае адданне сябе ў Твае рукі будуць арыенцірам у маім жыцці, нават калі маё атачэнне не будзе падзяляць і ўхваляць гэты мой выбар. Ты сам тады вядзі мяне за руку і давядзі да спаўнення Тваёй волі ў маім жыцці. Амін.

Ул. Багдан Дзюрах