Таму Божае Нараджэнне — гэта свята надзеі для ўбогіх і прыгнечаных, самотных і засмучаных, – усіх тых, каго грамадства часта ігнаруе і прыніжае. Менавіта такіх людзей Госпад запрашае ў Бэтлеем — «Дом хлеба», — каб тут, ля ясляў, у якіх ляжыць Хлеб жыцця, споўнілася абяцанне Госпада: “Гэта спачынак Мой на векі вечныя; тут буду жыць, бо пажадаў яго. Бласлаўляючы, бласлаўлю ежу яго, бедных яго накармлю хлебам. Святароў яго адзену ў збаўленне, і святыя яго будуць вельмі радавацца. Тут вырашчу рог Давіда, прыгатую светач для Майго Намашчэнца.” (Пс. 132, 14-17)
Малітва. Міласэрны Божа, уцелаўлёная Любоў і вечная Дабрыня! Кланяюся Табе і разам з Багародзіцай праслаўляю Цябе за тое, што ўздымаеш пакорных і насычаеш дабротамі галодных. У маёй убогасці і патрэбе я не ўпадаю ў роспач, але, наследуючы ўбогіх пастушкоў, з яшчэ большым даверам прыбягаю да ясляў, якія сталі для ўбогіх гэтага свету пасадам ласкі. Адары мяне сваёй міласцю і ласкай і будзь для мяне Добрым Пастырам тут, на зямлі, і калісьці ў вечнасці. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах