9-ты дзень на шляху да Божага Нараджэння з АКАФІСТАМ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ БАГАРОДЗІЦЫ,Частка ІIIДЗЕНЬ IX (22…

9-ты дзень на шляху да Божага Нараджэння з АКАФІСТАМ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ БАГАРОДЗІЦЫ,
Частка ІII

ДЗЕНЬ IX (22 снежня) – Ікас 9
Шматслоўныя красамоўцы моўкнуць, быццам рыбы, перад Табою, Багародзіца: яны ня ў змозе растлумачыць, як Ты сталася маці, застаўшыся дзеваю. Мы ж, дзівячыся гэтай тайніцы, з вераю клічам:
Радуйся, Сховішча мудрасьці Божай!
Радуйся, Скарбніца Ягонага провіду!
Радуйся, бо Ты паказваеш нямудрасьць мудрых!
Радуйся, бо Ты вучоных бязмоўнымі чыніш!

Радуйся, бо Ты дапытлівых у замяшаньне прыводзіш!
Радуйся, бо Ты змушаеш змоўкнуць казачнікаў!
Радуйся, бо Ты разбурыла разважаньні атэнцаў!
Радуйся, бо Ты напаўняеш сеці рыбакоў!

Радуйся, бо Ты ратуеш людзей з глыбіні няведаньня!
Радуйся, бо Ты прасьвятляеш усіх ведаю!
Радуйся, Карабель для тых, што жадаюць збаўленьня!
Радуйся, Прыстанішча для тых, што плывуць па моры жыцьця!
*Радуйся, Дзева Маці!

Кандак 10
Творца ўсяго прыйшоў з уласнай волі на сьвет, каб збавіць яго. Бог і Пастыр, Ён зьявіўся дзеля нас, авечак сваіх, як чалавек. Паклікаўшы падобнае падобным, як Бог Ён пачуў: Алілуя!