#НасустрачРаству. Знайсці святога Язэпа, які адчыняе дзверы”… і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіця, ш…

#НасустрачРаству. Знайсці святога Язэпа, які адчыняе дзверы

“… і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіця, што было пакладзена ў яслях.” (Лк. 2, 16)

Разам з Багародзіцай у самым сэрцы таямніцы Нараджэння Хрыстовага прысутнічае св. Язэп. Можна меркаваць, што менавіта яго першым, а не Марыю, сустрэлі пастухі, якія прыбеглі да пячоры. Марыя, як і належыць Маці, была, напэўна, побач з Дзіцяткам. А св. Язэп, як чалавек і апякун, напэўна, чуваў у тую ноч пры ўваходзе ў пячору або стайню, ахоўваючы вялікі скарб, які даручыў яго апецы Сам Айцец Нябесны вуснамі анёла: «Язэпе, сыне Давідаў, вазьмі Дзіця і Яго Маці!» (гл. Мц. 1, 20; 2, 13).

Хтосьці нават (Паола Анточы, каментуючы карціну Федэрыка Фіёры «Нараджэнне Хрыста») кажа пра «дзверы стайні, якія адкрыў святы Язэп» для пастухоў. Аднак св. Язэп адчыняе не толькі «дзверы стайні», за якімі схаваны Марыя з Божым Дзіцяткам, ён адчыняе дзверы да таямніцы справядлівага хрысціянскага жыцця, навучаючы, як трэба жыць па-Божаму ў свеце і як патрэбна паміраць з Богам. І хаця ў Евангеллях мы не знойдзем ніводнага запісанага слова, якое б выйшла з вуснаў гэтага «справядлівага чалавека» (Мц. 1, 19), усім сваім жыццём св. Язэп дае нам бясцэнны ўрок хрысціянскай праведнасці, паўстаючы перад намі як Настаўнік, Бацька, Апякун.

Ён для нас вялікі Настаўнік духоўнага жыцця, жыцця пад натхненнем Святога Духа, а не пад уплывам чалавечых пажадлівасцяў, эмоцый, разлікаў. Сярод розных выпрабаванняў і крызісаў, якіх не абмінула яго зямное жыццё, ён засвоіў біблейскую мудрасць, якая гаворыць: «У навяртанні і супакоі будзеце збаўлены, у зацішшы і ў надзеі будзе сіла ваша» (Іс. 30, 15). Паказальна, што гэтыя словы запісаў той самы прарок Ісая, які прадбачыў нараджэнне Эмануэля ад Дзевы (гл. Іс 7, 14), – неспасцігальную таямніцу, да якой быў запрошаны св. Язэп. Таму ён павучае нас сярод клопатаў і крызісаў жыцця знаходзіць духоўную раўнавагу ў малітве, шукаць святла ў слуханні Бога і Яго анёлаў-пасрэднікаў, будучы гатовымі да «навяртання», каб устаць і зрабіць тое, да чаго заклікае Бог (гл. Мц. 1, 24; 2, 14.21). А па-над усё вучыць нас бязмежна і безумоўна давяраць Богу ва ўсіх жыццёвых абставінах!

Як бацька, св. Язэп вучыць нас шанаваць людскую працу, штодзённыя людскія абавязкі — сямейныя, грамадскія, прафесійныя. Працу, штодзённыя абавязкі не трэба лічыць перашкодай для нашага асвячэння, але наадварот — месцам і прасторай, у якой гэтае асвячэнне рэалізуецца, паводле волі Усявышняга. Бо нават у раі Адам не біў лынды, а «рупіўся і сцярог райскі сад» (гл. Быц. 2, 15), выконваючы запаведзь Творцы: «Запаўняйце зямлю і падпарадкоўвайце яе сабе» (Быц. 1, 15. 28). Такім чынам наш праайцец не толькі сваёй малітвай – зносінамі з Богам, але і сваёй працай праслаўляў Бога. Таму старажытнае манаскае правіла ora et labora — «маліся і працуй» – мае глыбокія біблейскія карані і застаецца актуальным для людзей усіх часоў. Відавочна, што св. Язэп, будучы законным бацькам Ісуса, не толькі навучыў яго малітвам, але і прывучаў і далучаў да працы, асвячаючы Божай прысутнасцю штодзённую людскую працу.