Францішак падкрэсьліў, што ніякія навуковыя дасьледаваньні і тэхналагічныя інавацыі не зьяўляюцца “нейтральнымі”, але зьвязаныя з рашэньнямі і намерамі тых, хто імі займаецца. Гэта тычыцца таксама форм штучнага інтэлекту, бо іх уплыў залежыць ад мэт і інтарэсаў іх уладальнікаў і распрацоўшчыкаў, а таксама ад сітуацыяў, у якіх яны выкарыстоўваюцца.
Папа адзначыў шматлікія антрапалагічныя, адукацыйныя, сацыяльныя і палітычныя праблемы, зьвязаныя з штучным інтэлектам. «Сур’ёзную праблему стварае выкарыстаньне штучнага інтэлекту ў кампаніях дэзінфармацыі, якія распаўсюджваюць фэйкавыя навіны і выклікаюць рост недаверу да сродкаў масавай камунікацыі», – заўважыў ён, нагадваючы, што новыя тэхналогіі могуць мець таксама іншыя негатыўныя наступствы, такія як дыскрымінацыя, умяшаньне ў выбары, рост грамадзтва сачэньня, лічбавая ізаляцыя і абвастрэньне індывідуалізму. Усё гэта, паводле словаў Францішка, зьяўляецца пагрозай для міру ва ўсім сьвеце.
Сьвяты Айцец папярэдзіў аб рызыках для дэмакратычных грамадзтваў і мірнага суіснаваньня, якія нясе тэхнакратычная парадыгма, што ляжыць у аснове штучнага інтэлекту. «Прапануючы пераадолець усе абмежаваньні з дапамогай тэхналогіяў, у навязьлівым жаданьні кантраляваць усе, мы ўсе рызыкуем згубіць кантроль над сабой», – напісаў ён.
«На пачатку Новага году я малюся, каб імклівае разьвіцьцё формаў штучнага інтэлекту не прывяло да памнажэньня існуючай няроўнасьці і несправядлівасьці, але дапамагло пакласьці канец войнам і канфліктам і аблегчыла многія формы цярпеньняў, якія прыгнятаюць чалавечую сям’ю. Няхай хрысьціяне, вернікі розных рэлігіяў, людзі добрай волі разам і ў гармоніі скарыстаюцца магчымасьцямі і справяцца з выклікамі, якія кідае лічбавая рэвалюцыя, і такім чынам перададуць будучым пакаленьням больш салідарны, справядлівы і мірны сьвет».
З Пасланьня Папы Францішка на сьвяткаваньне LVII Сусьветнага дня міру 1 студзеня 2024 году.
Увесь тэкст пасланьня гл. тут:
https://www.vaticannews.va/ru/pope/news/2023-12/poslanie-papy-franciska-na-lvii-vsemirnyj-den-mira.html