8 лютага, у дзень народзінаў у 1893 г. у Пецярбургу ў сям’і беларусаў-католікаў з-пад Саколкі, узга…

8 лютага, у дзень народзінаў у 1893 г. у Пецярбургу ў сям’і беларусаў-католікаў з-пад Саколкі, узгадваем у малітвах езуіта айца Антона НЕМАНЦЭВІЧА – мужнага вызнаўцу веры, які, як кіраўнік Апостальскага экзархату для беларускіх грэка-католікаў, стаў ахвярай перасьледу нацыстаў і, зьнясілены, памёр у турме СД у Менску 6 студзеня 1943 г.

Антон Неманцэвіч – першы экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі пасьля скасаваньня Уніі ў 1839 г., доктар тэалогіі і права, педагог, місіянер з Таварыства Ісуса, выдавец, адзін пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху. Менавіта падчас яго дзейнасьці беларуская мова ўпершыню ў гісторыі Царквы ў Беларусі сталася афіцыйнай у царкоўным жыцьці.

Словы «Да злучэньня!» можна лічыць своеасаблівым дэвізам айца Антона Неманцэвіча. Менавіта гэтыя два словы беларускі сьвятар зрабіў назовам рэдагаванага ім беларускага рэлігійнага часопіса, які ён пачаў выдаваць з 1932 году ў Альбярціне.