8 лютага, у дзень народзінаў у 1893 г. у Пецярбургу ў сям’і беларусаў-католікаў з-пад Саколкі, узг…

8 лютага, у дзень народзінаў у 1893 г. у Пецярбургу ў сям’і беларусаў-католікаў з-пад Саколкі, узгадваем у малітвах езуіта айца Антона НЕМАНЦЭВІЧА – мужнага вызнаўцу веры, які, як кіраўнік Апостальскага экзархату для беларускіх грэка-католікаў, стаў ахвярай перасьледу нацыстаў і, зьнясілены, памёр у турме СД у Менску 6 студзеня 1943 г.

Антон Неманцэвіч – першы экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі пасьля скасаваньня Уніі ў 1839 г., доктар тэалогіі і права, выкладчык, педагог, душпастыр і місіянер з Таварыства Ісуса, выдавец, адзін пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху. Менавіта падчас яго дзейнасьці беларуская мова ўпершыню ў гісторыі Царквы ў Беларусі сталася афіцыйнай у царкоўным жыцьці.

Словы «Да злучэньня!» можна лічыць своеасаблівым дэвізам айца Антона Неманцэвіча. Менавіта гэтыя два словы беларускі сьвятар зрабіў назовам рэдагаванага ім беларускага рэлігійнага часопіса, які ён пачаў выдаваць з 1932 году ў Альбярціне. Ён быў сапраўдным рыцарам прымірэньня і аб’яднаньня Цэркваў, людзей, беларускага народу. Яму балела разьяднанасьць Царквы Хрыстовае, а разам з царкоўнай і разьяднанасьць народная.

Ужо як Экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, прызначаны на гэтую пасаду мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім 17 верасьня 1940 г., ён заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь».

Асаблівае сьведчаньне вернасьці Евангельлю прыйшлося Экзарху Антону Неманцэвічу скласьці падчас нямецкай акупацыі Беларусі. Ён актыўна працаваў тады як пастыр, пашыраючы навучаньне пра свой ідэал – зьяднаную Царкву. Айцец Леў Гарошка ў сваіх успамінах сьведчыць, што айца Неманцэвіча неаднаразова папярэджвалі, каб быў ён больш абачлівы, бо ягоная актыўнасьць не падабаецца нямецкім акупацыйным уладам. Для нацысцкіх акупантаў Беларусі душпастырская руплівасьць каталіцкіх сьвятароў абодвух абрадаў была небясьпечнай, пра што сёньня сьведчаць дакументы нацыстаў, якія ў іх адкрыта называлі Царкву сваім ворагам.

Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчынікаў, бяз розьніцы веравызнаньня і палітычных поглядаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр цярпліва і нястомна стараўся ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу «пакорлівасьці і рэсьпекту для праваслаўнай Царквы». Быў арыштаваны нацыстамі ў жніўні 1942 году і замучаны ў менскай турме СД. Пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх лютэранскіх могілках у Менску мясцовым праваслаўным сьвятаром.