Малітва – гэта жаданне, скіраванае да Бога; гэта невымоўная любоў, што паходзіць не ад чалавека, але выклікана Божай ласкай, пра якую кажа Апостал: «Мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі» (пар. Рым 8, 26b).
Калі Бог адорвае некага такой малітвай, той мае неад’емнае багацце і нябесны спажытак, які насычае душу. Хто яго пакаштуе, таго Госпад запаліць вечным жаданнем, як самым гарачым агнём, які будзе паліць яго дух.
Здзяйсняючы малітву са шчырасцю, упрыгожвай свой дом умеркаванасцю і пакорай, рабі, каб ён заззяў святлом справядлівасці. Як золатам, упрыгожвай яго добрымі ўчынкамі, а замест муроў і камянёў аздабляй верай і велікадушнасцю. Акрамя ўсяго гэтага, няхай малітва ўзносіцца як вянец будоўлі дому, які ты рыхтуеш для Госпада. У гэтым цудоўным каралеўскім доме ты прымеш Госпада, вобраз Якога ты ўжо маеш у святыні сваёй душы дзякуючы Яго ласцы.
Св. Ян Залатавусны