28 сакавіка 1986 г. памёр Казімір Найловіч (1904-1986), святар усходняга абраду, доктар тэалогіі, ма…

28 сакавіка 1986 г. памёр Казімір Найловіч (1904-1986), святар усходняга абраду, доктар тэалогіі, манах-марыянін, місіянер, рэлігійны і культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., публіцыст.

Вучыўся ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў марыянаў. Быў звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Вывучаў тэалогію і філасофію ў Ватыкане, дзе абараніў доктарскую дысертацыю. Пасвячоны ў святары ў Рыме (1934).

Супрацоўнічаў з беларускім каталіцкім перыядычным друкам («Chryscijanskaja Dumka» і інш.). Удзельнічаў у 31-м Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе (Дублін, Ірландыя). З другой паловы 1930-х гг. займаўся місіянерскай дзейнасцю ў Маньчжурыі.

Пасля Другой сусветнай вайны рэпатрыіраваны ў СССР. Памёр у Чалябінску.

Аўтар выданняў «Swiaty Rym» (Вільня, 1931), «31-šy Mižnarodny Eucharystyczny Kanhres» (Вільня, 1933), надрукаваных лацінкай.