Св. Павел сцвярджае, што мы дасягаем цялеснай еднасці з Хрыстом заўсёды, калі прымаем Яго святое Цел…

Св. Павел сцвярджае, што мы дасягаем цялеснай еднасці з Хрыстом заўсёды, калі прымаем Яго святое Цела. Апостал так кажа пра гэтую таямніцу пабожнасці: «Яна не была адкрыта сынам чалавечым у мінулых пакаленнях, так як цяпер адкрылася святым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа. Гэта значыць, што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Ісусе Хрысце» (Эф 3, 5-6).

Калі мы звязаныя ў адным целе Хрыстовым узаемнай сувяззю, а асабліва – лучнасцю з Тым, Хто прысутнічае сярод нас праз Сваё Цела, чаму тады мы не ўтвараем такой выразнай еднасці ў Хрысце паміж намі ўсімі? Хрыстос – гэта повязь адзінства, бо Ён адначасова Бог і чалавек.

Што датычыць духоўнай еднасці, то, ідучы тым самым шляхам, зноў скажам, што ўсе мы, прыняўшы аднаго і таго ж Духа, а менавіта Духа Святога, пэўным чынам злучаныя паміж сабою і з Богам. Хоць паасобку нас шмат і кожнаму з нас Хрыстос даў Айцоўскага і Свайго Духа, аднак гэты Дух адзіны непадзельны. Таму Ён збірае ў адно паасобныя духі, кожны з якіх застаецца сабой, і аб’ядноўвае нас у Сабе.

Моц святога Цела Хрыстовага робіць Ягонымі часткамі ўсіх тых, у кім Яно ёсць. Думаю, што такім жа чынам непадзельны Дух Божы, Які жыве ва ўсіх, збірае кожнага ў духоўную еднасць.

Таму св. Павел зноў навучае нас «цярпець адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою. Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх нас» (пар. Эф 4, 2-6). Адзін Дух жыве ў кожным з нас, таму адзін Айцец і Бог усіх будзе ў нас праз свайго Сына, прыводзячы да ўзаемнай еднасці і еднасці з Ім усіх, хто ўдзельнічае ў Духу Святым.

Св. Кірыла Александрыйскі