ЖЫРОВІЧЫ : УНІЯЦКІ ПЕРЫЯД.
25 чэрвеня 1652 г. Жыровічы атрымалі магдэбургскае права.
Легендарныя звесткі адносяць заснаванне Жыровіч да 1470 г., калі пастухі знайшлі ў лесе цудатворную ікону. Уладальнік Аляксандр Солтан пабудаваў на гэтым месцы царкву.
27 красавіка 1613 г. тут заснаваны уніяцкі манастыр, першым настаяцелем стаў Іасафат Кунцэвіч.
У 1661 г. горад навечна быў звольнены ад ваеннага пастою і на чатыры гады ад выплаты дзяржаўных подацей. Пры манастыры, які з’яўляўся адным з галоўных у Вялікім княстве Літоўскім, дзейнічала друкарня, вышэйшая, а потым ніжэйшая школы.
У 1839 г., калі было скасавана уніяцтва, манастыр стаў праваслаўным. Да 1845 г. у Жыровічах знаходзілася Літоўская кансісторыя, якая ведала рэлігійнымі справамі, праз некаторы час яна была пераведзена ў Вільню.