О вечная Праўда, сапраўдная Любоў, умілаваная Вечнасць! Ты – мой Бог. Да Цябе я ўздыхаю днём і ноччу…

О вечная Праўда, сапраўдная Любоў, умілаваная Вечнасць! Ты – мой Бог. Да Цябе я ўздыхаю днём і ноччу. Як толькі я пазнаў Цябе, Ты забраў мяне да Сябе, каб я ўбачыў тое, што трэба ўбачыць, але я не быў яшчэ здольны да гэтага. Ты перамог слабасць майго зроку сілаю Тваіх промняў, я задрыжэў ад любові і страху. Я пазнаў, што знаходжуся далёка ад Цябе, у чужой краіне, і пачуў нібы Твой голас з вышыні: «Я ежа для моцных; узрастай, і будзеш спажываць Мяне. І не ты пераменіш Мяне ў сябе на падабенства цялеснай ежы, але Я перамяню цябе ў Сябе».

Я шукаў дарогі, якая б дапамагла мне трываць у еднасці з Табою, і не знаходзіў, пакуль не схапіўся за пасрэдніка паміж Богам і людзьмі – Чалавека Ісуса Хрыста (пар. 1 Цім 2, 5), Бога над усімі, блаславёнага навекі (пар. Рым 9, 5). Ён паклікаў мяне і сказаў: «Я — дарога і праўда, і жыццё» (Ян 14, 6), і ежа, пакаштаваць якую ў мяне не хапала сілаў. Ён змяшаў яе з целам, бо «Слова сталася целам» (Ян 1, 14), каб Твая мудрасць, якой Ты стварыў усё, для нас, немаўлят, магла ператварыцца ў малако.

Позна я палюбіў Цябе, Прыгажосць даўняя і заўсёды новая! Позна я палюбіў Цябе! Ты быў ува мне, а я быў звонку і звонку шукаў Цябе. Сам, поўны брыдоты, я бег за прыгажосцю, якую Ты стварыў. Ты быў са мною, але я не быў з Табою. Здалёк ад Цябе ўтрымлівалі мяне стварэнні, якія б увогуле не існавалі, калі б не існавалі ў Табе. Ты прамовіў, паклікаў і перамог маю немату. Заіснаваў, Тваё святло знішчыла маю слепату. Ты рассеяў навокал водар, а я пачуў і ўдыхаю Цябе. Аднойчы пакаштаваў, а цяпер адчуваю недахоп і прагну; Ты дакрануўся, і я палаю прагненнем Твайго спакою.

Св. Аўгустын