БАГАРОДЗІЧНАЯ ДАТА.
ЖЫРОВІЦКІ АБРАЗ ДЗЕВЫ МАРЫІ.
19 верасня 1730 г.
адбылася каранацыя Жыровіцкага абраза Маці Божай Папскімі каронамі.
На той час было вядома тры выявы Жыровіцкай іконы Божай Маці, якія праславіліся цудамі.
Першая – каменная,якая цудоўна з’явілася ў XV ст. і знаходзілася ў Жыровічах.
Другая – ікона-фрэска з базыліянскай царквы Св. Сяргея і Вакха ў Рыме.
Трэцяя была напісана на палатне,як копія рымскай іконы-фрэскі.
Гэтая ікона і была каранавана Папскімі каронамі і зараз знаходзіцца ў Слоніме, у касцёле Св. Андрэя.
Рашэнне «ўзлажыць на галаву Богадзіцяці Іісуса і Багародзіцы Дзевы ў г. Жыровіцах у царкве айцоў ордэна Св. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынята ў 1726 г. падчас пантыфікату папы Бэнэдыкта ХІII.
Гэта была першая каранацыя Папскімі каронамі абраза Божай Маці на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
На працягу стагоддзяў перад гэтай іконай маліліся грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці еднасці хрысціянаў.