Паслухаем апостала, які кажа: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце» (Клс 3, 1-2). Як Ён падняўся ў неба і не пакідае нас, так і мы знаходзімся там разам з Ім, хоць яшчэ не споўнілася ў целах нашых тое, што было нам абяцана.
Хрыстос ужо ўзняты па-над нябёсы, аднак Ён церпіць на зямлі ўсе пакуты, якія выпадаюць нам як часткам Ягонага цела. Ён сам сведчыць пра гэта, усклікаючы з неба: «Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?» (Дз 9, 4). І ў іншым месцы: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці» (Мц 25, 35).
Чаму ж і мы тут, на зямлі, не намагаемся праз веру, надзею і любоў, якія звязваюць нас з Хрыстом, адпачываць разам з Ім у нябёсах? Хоць Ён там, аднак знаходзіцца і разам з намі. І мы не толькі тут, але знаходзімся разам з Ім. Хрыстос знаходзіцца ў небе ў сваёй боскасці, магутнасці і любові. Мы не можам быць там, як Ён, аднак маем любоў, і гэта любоў да Яго.
Ён не пакінуў неба, калі прыйшоў адтуль да нас, і не пакінуў нас, калі вярнуўся ў неба. Пра тое, што знаходзіўся там, будучы з намі тут, Ён сведчыць наступнымі словамі: «Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто з неба сышоў, — Сын Чалавечы» (Ян 3, 13).
Гэта было сказана, каб падкрэсліць еднасць, бо Ён – наша Галава, а мы – Яго цела. Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя Яго, бо і мы жывём з Ім дзякуючы таму, што Ён стаў Сынам Чалавечым дзеля нас, а мы – Божымі дзецьмі дзеля Яго.
Таму так кажа Апостал: «Як цела адно, але мае шмат частак, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстос» (1 Кар 12, 12). Не сказана: «Так Хрыстос», – але: «Так і Хрыстос». Значыць, у Хрыста шмат частак, але адно цела.
Такім чынам, Хрыстос сышоў з неба праз міласэрнасць, і толькі Ён узышоў на неба, а мы ў Ім праз ласку. Таму толькі Хрыстос сышоў, і толькі Хрыстос узышоў. І гэта не дзякуючы таму, што годнасць Галавы пашырылася на цела, але дзякуючы непадзельнай еднасці цела і Галавы.
св. Аўгустын