Сьвятамучаніку Язафаце! Ты шчыра жадаў дабрадзейнага жыцьця і стараўся насьледаваць Хрыста ўсемагутнага. Праведнымі словамі і Божай ласкаю ты накіроўваў людзей да еднасьці і асягнуў славу вечную, абмыўшыся мучаніцкай крывёю. Малі сёньня Госпада дараваць еднасьць Царкве і супакой, і душам нашым веліч зьмілаваньня.
Як сьвятар, ты дастойна служыў Уладару Хрысту Богу і прыносіў беззаганную ахвяру, а ў канцы ты, сьвятамучаніку Язафаце, прынёс Яму дасканалае цэлапаленьне – самога сябе, пацярпеўшы мужна дзеля Ягонай любові і праліўшы кроў сваю. Як праўдзівы пастыр і пераймальнік Хрыста, ты не пераставаў усклікаць: “Ойча, зьберажы іх усіх у імя Тваё, каб усе былі адно!” Дык і сёньня, блаславёны Язафаце, маліся за зьяднаньне ўсіх цэркваў і за збаўленьне вернай паствы Хрыстовай.