– Ці ведаеце вы пра нядаўнюю ўзброеную правакацыю на мяжы Беларусі і Латвіі? Гэта было на мінулым ты…

Нацыянальная бясьпека. Дайджэст

– Ці ведаеце вы пра нядаўнюю ўзброеную правакацыю на мяжы Беларусі і Латвіі? Гэта было на мінулым тыдні. Некалькі замаскаваных мужчынаў заявілі, што яны «Чорныя русы». Выглядала гэта як расейская проксі-група ў Беларусі. Яны перайшлі латвійскую мяжу, скралі камеры памежнікаў і апублікавалі нешта накшталт дэкларацыі: маўляў, NATO вельмі слабое, аб’яднаная Еўропа слабая, і мы працягнем такія намаганні. І пытанне ў тым, наколькі тыповая такая тактыка проксі-дыверсіі для расейскай гібрыднай вайны?

– Вельмі тыповая. Я маю на ўвазе, яны робяць гэта, бо бачаць, што мы дагэтуль не разумеем, як тое спыніць. Мы дагэтуль не разумеем, як абцяжарыць наступствамі Крэмль за такія рэчы. Замест гэтага ўсе кажуць: «Мы ж не бачылі расейскі сцяг, мы не ведаем, ці гэта была Расея», або ставяцца да гэтага як да нейкай злачыннай дзейнасці, а не як да нападу, які фінансуе, якім кіруе ці да якога заахвочвае Крэмль. І пакуль мы гэтага не зробім, гэта будзе пастаяннай праблемай, якая ніколі не развяжацца сама сабой.

– Сэр, прадстаўленая нядаўна на Варшаўскім форуме бяспекі тэорыя перамогі генерала Грынкевіча грунтуецца на так званай стратэгіі «блакаваць, знясіліць і прарваць», на абароне шляхам адмовы доступу. Наколькі рэалістычная гэтая канцэпцыя для стрымлівання Расеі менавіта на ўсходнім флангу NATO?

– Гэта вельмі рэалістычна, калі ў нас ёсць лагістыка для падтрымання, а менавіта боепрыпасы, транспарт і ўсё астатняе. Калі ў нас ёсць сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, каб абараніць усю транспартную інфраструктуру ад нападаў расейскіх беспілотнікаў і ракет. Калі ў нас ёсць выведка, якая бачыць усё і дапамагае нам хутка прааналізаваць сітуацыю перад нападам. Тады мне падабаецца ягоная тэорыя перамогі. Ён апісаў тое, што мы павінны рабіць. Але гэта азначае, што ў нас павінна быць неабмежаваная лагістыка, вялікія прамысловыя магутнасці для хуткай працы і выведныя магчымасці, якія мы называем «нязмружаным вокам», што назірае і бачыць усё: ад касмічных і наземных сістэмаў да звычайнай выведкі. Я не ўпэўнены, ці ёсць у нас усё гэта цяпер.

– Цікавы факт: для нас вельмі важна, што генерал Грынкевіч, як сцвярджаецца ў інтэрнэце, мае беларускія карані.

– Ён таксама так кажа.

– Так, ягоны прапрадзед быў з Менску. Неверагодна. У мяне ёсць некалькі апошніх пытанняў. З канвенцыянальнай атакай усё даволі проста. Але што, калі Расея пазбегне класічнага наземнага ўварвання і замест гэтага адправіць шмат беспілотнікаў? Або спалучыць атакі беспілотнікаў, ракетаў? Тое ж самае, што яны робяць супраць Украіны. Наколькі гатовы Альянс да такога сцэнарыю?

– У дадзены момант мы не гатовыя. Мы не праводзілі супольных, шматнацыянальных вучэнняў, якія б інтэгравалі ўсе віды супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны супраць такога нападу, які адбываецца ў Кіеве, Херсоне ці Харкаве кожную ноч. Мы гэтага не рабілі. Мы праводзілі асобныя часткі падобнага, але ніколі не аб’ядноўвалі ўсяго разам. І таму я хвалююся, што нашая інфраструктура не падрыхтаваная, не абароненая ад такой масаванай атакі.

– Якой вы бачыце эскалацыю з боку Расеі? Ці выкарыстае яна тэрыторыю Беларусі таксама супраць NATO альбо супраць Украіны? Напрыклад, калі яны выкарыстаюць гібрыдныя атакі ў шэрай зоне, як з гэтымі хлопцамі ў балаклавах? Як вы думаеце, ці можа гэта быць яшчэ адным уварваннем ва Украіну з тэрыторыі Беларусі – ці яны будуць і надалей правакаваць і правяраць цэласнасць NATO?

– Зноў жа, гэта ўсё будзе працягвацца, пакуль мы не знойдзем спосабу адказаць. Шторазу, калі здараецца нейкі інцыдэнт, – няхай гэта будзе тое, што адбылося ў Латвіі, ці дрон, які ўпаў у аэрапорце Ляйпцыгу, ці падпал заводу ў Таліне, – кожны раз мы павінны пасылаць больш боепрыпасаў ва Украіну, шторазу мы павінны канфіскоўваць судны ценявога флоту Расеі, адмаўляць ва ўездзе ўсім расейцам паўсюль у Еўропе і выкарыстоўваць замарожаныя расейскія актывы. Больш за 200 мільярдаў у банках па ўсёй Еўропе – трэба выкарыстоўваць іх, каб дапамагчы Украіне аплаціць сваю абарону і аднаўленне. Вось якія павінны быць наступствы. Збіццё дрона абсалютна нічога не вырашае.