Запісаў інтэрв’ю з былым камандуючым войскамі ЗША ў Еўропе генералам-лейтэнантам Бэнам Годжэзам. У фінале былы вайсковец звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі. Генерал Годжэз заявіў, што Захад выразна бачыць настроі грамадства ў Беларусі, якое не прагне вайны, і параіў, што рабіць Лукашэнку, калі той дбае пра будучыню краіны. Размову запісалі падчас Warsaw Security Forum
Вашай увазе поўная тэкставая версія, бо наш партал блакуюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Спасылка на сайт і спасылка на відэа (11 хв) у каментарах.
– Як вы цяпер ацэньваеце сітуацыю з бяспекай у нашым рэгіёне? Ці ёсць гарачыя пункты на межах Беларусі або вакол гэтага рэгіёну – магчыма, у балтыйскім рэгіёне? Што вы думаеце пра гэта?
– Вядома, усе ўважліва сочаць за тым, наколькі блізка Расея падцягвае свае войскі і якую іх колькасць яна ўводзіць у Беларусь. Таму што калі б Расея збіралася атакаваць краіну NATO, ёй у пэўным сэнсе давялося б прайсці праз Беларусь або аказваць падтрымку з яе тэрыторыі. Такім чынам, я думаю, усе ўважліва сочаць за тым, наколькі шмат іх там цяпер. Гэта першае. Другое – вядома, гэта не толькі наземныя войскі. Гэта пастаяннае парушэнне паветранай прасторы расейскімі беспілотнікамі, бесперапынныя акты дыверсіяў і падпалаў супраць абаронных прадпрыемстваў, напрыклад, у Эстоніі ці Польшчы, пагрозы забойствам кіраўнікам абароннай прамысловасці. Гэта ўсё адбываецца пастаянна. Такім чынам, няма аднаго пункту напружанасці, калі можна так сказаць, гэта пастаянная плынь пагрозаў з боку Расеі, якая сутыкаецца з пытаннем, ці гатовая Еўропа нешта з гэтым рабіць.
– Мы шмат гадоў гаворым пра Сувальскі калідор. Ці застаецца актуальным гэты гарачы пункт?
– Вядома, ён па-ранейшаму існуе як геаграфічны аб’ект паміж Калінінградам і Беларуссю, што злучае Польшчу і Літву. Ён важны, бо вельмі вузкі. І калі б сілам NATO ў крызіснай ці дакрызіснай сітуацыі спатрэбілася рухацца з Польшчы ў краіны Балтыі, напрыклад, гэта магло б стаць праблемай, калі б расейскія войскі ў Калінінградзе ці ў Беларусі вырашылі перакрыць шлях. Але, вядома, яны б маглі зрабіць гэта і з дапамогай беспілотнікаў. Такім чынам – так, гэта вузкае месца.
– Ці бачыце вы якія-небудзь прыкметы таго, што расейцы ці рэжым Лукашэнкі рыхтуюць Беларусь да поўнамаштабнай вайны ў будучыні?
– Я заўсёды верыў, што большасць жыхароў Беларусі не мае жадання ўвязвацца ў канфлікт з Украінай ці NATO. Я заўсёды так адчуваў, незалежна ад таго, што кажа спадар Лукашэнка. Насамрэч, я ніколі не верыў, што ўзброеныя сілы Беларусі калі-небудзь сапраўды хацелі б удзельнічаць у канфлікце. Таму я думаю, што Расея, імаверна, разлічвала, што зможа зрабіць там больш. Яны там ёсць. Проста не магу сказаць, у якой ступені.
– Як вы ацэньваеце стратэгію адміністрацыі Трампа ўва ўзаемадзеянні асабіста з Лукашэнкам і ягоным рэжымам, абмене палітычных зняволеных на зняцце санкцыяў, і асабліва гэтых калійных санкцыяў – я маю на ўвазе невялікую колькасць калійных угнаенняў, якія павінны быць дастаўленыя ў Злучаныя Штаты ў найбліжэйшыя тыдні? Ці можа гэтая ўгода, дыпламатыя зменшыць ваенную напружанасць на межах Беларусі і NATO?
– Калі б гэта былі нармальныя часы, гэта было б магчыма. Але, на жаль, прэзідэнт пастаянна становіцца на бок Расеі супраць Украіны. Ён вінаваціць Украіну ў амерыканскіх цэнах на дызель, што само па сабе нонсэнс. Ён фактычна заклікае Украіну здацца Расеі. Ён ніколі, ніколі не кажа Расеі: «Выведзіце свае войскі з Украіны. Спыніце ўварванне ў краіну суседа». Таму, калі гаворка ідзе пра любыя пагадненні, угоды ці трансакцыі, якія ён можа падпісаць з Лукашэнкам, я гляджу на гэта праз прызму пытання: ці ўпісваецца гэта ў агульную стратэгію, якая робіць Еўропу больш стабільнай і бяспечнай і абараняе інтарэсы Амерыкі? Я гэтага не бачу.