Трон з гульні прастолаўПад час адной з аперацыяў мы замацаваліся на ўскрайку лесу. Трэба было акапац…

Трон з гульні прастолаў

Пад час адной з аперацыяў мы замацаваліся на ўскрайку лесу. Трэба было акапацца. Мой другі нумар кулямётнага разліку Вахцёр, я з ім увесь час сварыўся да аперацыі, падчас і пасля, ён яшчэ крыўдзіўся на мяне з-за гэтага. Малады хлопец, дурнаваты, але ж добры па чалавечым якасцям. Я забраў у яго сапёрную рыдлёўку і пачаў акопвацца.

Выкапаў акоп для палажэння лежачы і кінуў у яго рыдлёўку, кажу:
– Давай акопвайся, бо гэта не жарты.

На што ён мне сказаў, што гэта дурня сабачая, мы ў нізіне. Але ж я сабе акоп усё ж выкапаў.

Першы прылёт. Калі я падняў галаву, то пабачыў Вахцёра – кажа дай рыдлёўку, я сабе выкапаю акоп. У выніку, мы абодва капалі, мяняючыся сапёркай, і пад канец акапаўшыся зламалі тую рыдлёўку.

Праз нейкі час аднавіўся абстрэл, я толькі нахіліўся і прылёг, як адчуў, што ў акоп нешта прыляцела інароднае. Я зразумеў, што гэта снарад. Ня ведаю як, але ва ўсёй амуніцыі ды з кулямётам выскачыў з таго акопа. Абстрэл навокал працягваўся і калі я зазірнуў сабе ў акоп, то пабачыў, што там балванка, рэштка ракеты «Града».
Я хутка заскочыў у акоп і выкінуў адтуль гэтую балванку.

Як сціх абстрэл нам нарэшце далі загад прасоўвацца наперад. Памятаючы нядаўнія прылёты, я па ўласнай ініцыятыве і без загада вырашыў акапацца. Толькі я нахіліўся і пачаў расчышчаць месца для акопа, як адчуў моцны ўдар у бок, у мяне сперла дыханне.
Мой другі нумар кулямёта Вахцер сядзеў у гэты час за вялікім дрэвам кустарнага тыпу, з яго ў бакі разыходзіліся дзясятак падрэзаных ствалоў. Мне гэта нагадала трон з гульні прастолаў. І тут я пабачыў прылёт, выбух за ягонай спінай. Бачу – жывы! Вязучы скаціна!

А мне тут самому прыляцела невядома адкуль. На вялікае шчасце маё раненне аказалася лёгкім.
Вось так дрэва і шчаслівы збег акалічнасцяў выратавалі нам жыццё.

#дзённік