БравадаЯ – камандзір медэвака. Для тых, хто не ведае, што такое медэвак, і думае, што медыкі на вайн…

Бравада

Я – камандзір медэвака. Для тых, хто не ведае, што такое медэвак, і думае, што медыкі на вайне – гэта ранку ёдзікам прамыў і таблетачку даў выпіць – не. Мы не проста медыкі. Мы заўжды знаходзімся непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў, і наша задача тут і зараз, калі вакол ідзе бой і пастаянныя абстрэлы – выратаваць параненага. А параненні бываюць рознай ступені і цяжкасці ў гэтай вайне… Паверце, я ўжо наглядзелася як ні хто іншы…
Як вы зразумелі, мы з медыкамі жывём з ваярамі, зносіны ў нас сяброўскія, блізкія, хлопцы часта жартуюць паміж сабой і з намі. Мне часта кажуць: “Вось, калі мяне моцна параніць – не ратуй, пайду як воін, гэта лепш, чым застануся калекай!”, ці “Калі што, падарву сябе гранатай”, ці яшчэ цікавей “Адна куля заўсёды для мяне, на такі выпадак”. Ды шмат чаго яшчэ, што чуць непадрыхтаванаму чытачу не пажадана. У асноўным гэта хлопцы, якіх яшчэ толькі чакаюць сур’ёзныя баі… Мне здаецца, гэта такая, свайго роду, бравада. І няма нічога ў гэтым дрэннага. Кожны настройвае сябе на бой сам. Хочацца здавацца бясстрашным і непераможным – калі ласка. Як правіла гэта бравада ДА параненняў…
Справа была ў Гуляйполе. Наш медэвак выязджае і эвакуіруе не толькі сваіх, каліноўцаў, мы эвакуіруем і ўкраінскіх воінаў таксама. Мне прыйшлося вывозіць хлопца з “Альфы”. Узарваўся пластыд… Адарвала дзве рукі… Ногі ўсе ў апёках… Раздрабніла зубы… Разарвала напалову нос. Трасецца… У крыві была ўся машына і я…
Дык вось адзінае, што ён мне паўтараў, пакуль быў у прытомнасці – “Хачу жыць!”.
Вось так…

#дзённік_каліноўца