Акупант ШродынгераШтурмавая аперацыя разам з сумежнікамі. Жорсткі чатырохгадзінны бой. Мы выйшлі з я…

Акупант Шродынгера

Штурмавая аперацыя разам з сумежнікамі. Жорсткі чатырохгадзінны бой. Мы выйшлі з яго без страт і параненняў. Узялі палонных. Ім пашанцавала – засталіся жывыя. Дарэчы сказаць, камандзір тых хто “сваіх не кідае” збег, як толькі ўсвядоміў, што даручаныя яму пазіцыі штурмуюць. Цікава, як ён потым будзе распавядаць недзе ў тылу, як з боем прарываўся да сваіх?
Палонным мы аказалі ўсю неабходную дапамогу: зрабілі тампанаванне параненняў і паставілі кропельніцы ад моцнага абязводжвання. Пачалі размаўляць.
– Кім да вайны быў?
– Слесар…
– Навошта сюды прыйшоў?
– Позва…
– Разумееш, што ты акупант?
– Ну… Так… Напэўна… Але ж мы не хацелі… Мы…
Вы не ўяўляеце, як цяжка стрымацца! Як цяжка з імі размаўляць. З тымі, хто толькі што страляў у цябе. Але мы разумеем, што шанец вярнуць нашых хлопцаў з палону – гэта папаўняць абменны фонд. І вось праз гадзіну мыканняў, раскайванняў, слёз і асуджэння ўсіх акрамя самога сябе, даходзім да галоўнага пытання.
– Забіваў?
– Не! Вы што?! Я ўвогуле кіроўца!
Вось як так атрымліваецца? Была Буча з расстрэламі мірных, былі знойдзены пакоі для катаванняў пасля вызвалення херсоншчыны, былі выяўлены пахаванні параўнальныя з пахаваннямі 30-х гадоў сталінскіх рэпрэсій, былі зафіксаваныя на відэакамеры забойства ў спіну, былі згвалтаванні жанчын і нават дзяцей… А каго ў палон не возьмем – дык гэта не я! Я не забіваў! Я проста кіроўца… Літаральна святыя людзі!

#дзённік_каліноўца