У гэты дзень, мы, актывісты Альянсу Беларускіх Суполак (АБС) і проста грамадзяне Беларусі, схіляем г…

У гэты дзень, мы, актывісты Альянсу Беларускіх Суполак (АБС) і проста грамадзяне Беларусі, схіляем галовы ў гонар памяці тых, хто сплаціў самы высокі кошт за свае перакананні і каштоўнасці.
86 год таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, таленавітыя і выбітныя беларускія дзеячы культуры і навукі былі забіты палітычнай машынай рэпрэсій. Яны былі расстраляны за сваю працу і мастацтва; за словы і думкі, якія яны лічылі важнымі і правільнымі. Гэтыя жудасныя падзеі нагадваюць нам пра важнасць нашага права на свабоду думкі, перакананняў і на свабоднае выражэнне іх.
Ноч расстраляных паэтаў застанецца ў гісторыі Беларусі як сымбаль вялікай ахвяры, як напамін пра нашыя каштоўнасці, якія мы захавалі і пранеслі да сучаснасці, нягледзячы на рэпрэсіі, якія зноў паўтараюцца амаль пра 100 гадоў.
Сёння шмат беларусаў працягваюць змагацца за нашу агульную свабоду і абарону нашых правоў. Наша місія – захаваць спадчыну і не забываць ахвяр, якія аддалі сваё жыццё, каб Беларусь стала вольнай. Мы працягнем нашу справу – барацьбу за вызваленне ўсіх тых, хто па гэты час знаходзіцца пад прыгнётам рэпрэсій, вяртання ў краіну справядлівасці і ператварэнне яе ў прававую дзяржаву.
Мы верым, што Ноч расстраляных паэтаў застаецца ў нашай памяці як напамін пра тое, што нават у самыя цяжкія і змрочныя часы мы павінны заставацца непахіснымі ў сваіх імкненнях да гуманных каштоўнасцяў. Таму, мы заклікаем усіх неабыякавых людзей далучацца да нашай барацьбы, каб мага хутчэй дасягнуць нашай агульнай мэты. Беларусь будзе вольнай!
Альянс Беларускіх Суполак (АБС)