Частка 4
У 16:32 я, не дачакаўшыся з’яўлення рускіх ля нашай пазіцыі і, маючы абмежаваны агляд са свайго акопа, вырашыў прасунуцца бліжэй у іх бок.
Заняў пазіцыю лежачы на ўскрайку нашай лесапаласы. Праз поле, метрах у 100 па дыяганалі, іншла лесапаласа з якой па нам перыядычна адкрывалі агонь.
Праз 6-ці кратны зум прыцэла я пачаў назіраць у той бок, спрабуючы заўважыць ворага. Хлопцы з пяцеркі Ваўкалака час ад часу вялі перастрэлку з ім. Нічога акрамя лістоты не было бачна.
У нейкі момант я заўважыў ці мне падалося, што ў лесапаласе, што займалі рускія, я убачыў варушэнне лісця. Два разы, прыцэльна, выстраліў у тое месца.
Р(оў), не бачны мне, але знаходзячыся пару дзясяткамі метраў лявее, адкрыў у бок рускіх агонь чэргамі з аўтамата. Ен мне казаў падчас таго боя, што бачыў зяленыя каскі рускіх у той лесапаласе ў самым пачатку перастрэлкі і мог адкрыць па ім агонь і знішчыць, але без каманды не стаў страляць.
У гэты момант па рацыі перадалі, што ў бок дарогі, якую мы трымалі на прыцэле Мілана, выехаў чырвоны аўтамабіль расейцаў. К(арнэт) прыгатаваўся адпрацаваць па ім, калі той з’явіцца ў зоне паражэння нашага Мілану. Аўтамабіль так і не з’явіўся.
К(арнэт) працягваў сачыць за дарогай ля Мілана. Я з Б(рагай) кантралявалі лесапаласу з рускімі з іншага боку. Б(рага) знаходзіўся ў 5 метрах за мной. Да К(арнэта) было метраў 20. Яго не было бачна за зяленкай.