Цалкам на Украіну я пераключыўся вечарам 27 лютага 2022 года.Да гэтага я разрываўся паміж адсочваньн…

Цалкам на Украіну я пераключыўся вечарам 27 лютага 2022 года.

Да гэтага я разрываўся паміж адсочваньнем навін з Украіны (чакаў штурма Кіева) і нелегітымнымі зменамі ў Канстытуцыю Беларусі, якія хацеў прыняць узурпатар лукашэнка на сваім рэферэндуме 27 лютага. У першыя тры дні шмат увагі я надаваў таму, на што мог паўплываць: на беларусаў унутры Беларусі. У першую чаргу з майго роднага горада Баранавічы.

Для мяне важна было, каб людзі мабілізаваліся і аднавілі гарызантальныя сувязі, якія бязлітасна рвалі карныя сабакі рэжыма лукашэнкі. Таму я заклікаў беларусаў прыйсьці на рэферэндум, ветліва павітацца з чальцамі выбарчых камісій, але так, каб тыя па вачам бачылі, як ў 2020-ым, што перад імі не рабы, а вольныя беларусы. Бачылі гэта ў вачах, а зрабіць нічога не маглі, бо не прыдумаў яшчэ рэжым лукашэнкі кідаць у турму за вольны позірк. Каб беларусы пабачылі адзін аднаго і, як на нядзельных маршах у 2020-ым, па адных толькі вачах пазнавалі хто свой, а хто не. Каб паставілі тыя ні на што не ўплываючыя “2 крыжыкі” у сваім бюлетэні, каб сапсаваць яго, як да тага заклікаў Офіс Ціханоўскай. Фатаграфаваць бюлетэнь я не прасіў. Бо ва ўмовах адсутнасьці фіранак на кабінках для галасаваньня – гэта непатрэбная рызыка.

Мае баранавічане спачатку не чулі мяне. Не бачылі сэнса ў наведваньні выбарчага ўчастка. Планавалі застацца дома. Я тлумачыў, што застаўшыся дома вы нічым не будзеце адрознівацца ад абыякавых беларусаў. Зрабіўшы дзеяньне, пазнаўшы па вачам аднадумцаў, вы не паўплываеце на вынікі нелегітымнага рэферэндума, але адчуеце сябе вольнымі людзьмі, якія не забіліся ад страху па сваіх норах, не залезлі пад плінтус. Пакажаце бязвольным выканаўцам з выбарчых камісій, што вы ёсьць, вы не здаліся, вы захавалі патэнцыял.

Бачачы, што я не магу данесьці сваю думку, свой пасыл аргументамі, я проста ўзяў чысты аркуш паперы і напісаў на ім тое ў ва што я верыў на той момант: “Все те, кто мне доверяет, и находится внутри Беларуси, придите завтра 27.02.2022 на свои избирательные участки. В 14:00 или любое другое время. (подпіс). Нет войне!”