Парабіўшы ўсе справы, мы (Кусь, Д(жон), Бача, Ваяр, Воскар) сабраліся ў залі хаты.Па цэнтры залі ста…

Парабіўшы ўсе справы, мы (Кусь, Д(жон), Бача, Ваяр, Воскар) сабраліся ў залі хаты.

Па цэнтры залі стаіць пачышчаны сапог. Ягонае дула скрозь завешана вайсковым адзеннем. Дальні ад увахода кут завалены рэчамі Воскара і Ваяра. (Ваяр яшчэ тая кашолка ў плане назапашвання асабістых рэчаў). Справа ад увахода стаіць шафа. Такія альбо падобныя шафы вы не аднойчы бачылі ў весках у хатах сваіх бабуль.

Я сяжу ў крэсле. Д(жон) побач са мной у іншым крэсле. Перахрэсьціў ногі і нешта праглядае ў сваім тэлефоне. Воскар залез у спальнік на сваім ложку ў супрацьлеглым куту залі. Сядзіць у тэлефоне. На самкнутых нагаг Ваяра ляжаць лісты, напісаныя ў 1970-х гадах. Сам жа Ваяр пачынае чытаць услых адзін з іх, седзячы разам з Бачой на сваім паходным складным ложку. Бача, здвінуўшы акуляры на лоб, уважліва слухае Ваяра.

Шкадую, што не сфатаграфаваў тыя лісты, каб мець зараз магчымасьць прывесьці іх дакладны тэкст. Таму пакладаюся на сваю памяць.

197? год. Брат (спачатку ў нас склалася ўраджанне, што кавалер) піша з Вільні сваёй роднай сястры на адрас бацькоўскай хаты. Той самай хаты ў залі якой мы зараз сядзім.

Запытвае пра адзенне. Успамінае моманты, звязаныя з сятрой. Бачна, што ён клапоціцца пра яе і перажывае больш разлуку з ёю, чым з бацькамі.

Сам ён служыць у савецкай арміі на тэрыторыі Літвы. Вайсковы лётчык. Яго разам з саслужбоўцамі час ад часу возяць на аэрадром. Там яны вучацца лятаць на самалётах. З ліста вынікае, што для хлопца служба з’яўляецца руцінай, бо ён з асалодай апісвае дзень, калі з-за дажджу палёты былі адменены і ён застаўся ў распалазе.

Слухаючы тэкст ліста, што чытае Ваяр, мы паглыбляемся на 50 гадоў у мінулае. Стары ліст пераносіць нас ў тую рэчаіснасьць, у той час, калі геапалітыка выглядала інакш. Адчуванне мінулага жыцця даволі глыбокае. Мне цікава было слухаць кожнае слова. (Не ўсе з іх Ваяр мог разабраць з-за неразборлівасьці почырка).

Ваяр скончыў чытаць.

І мы пачалі прадугадваць лёс таго брата і той сястры, якія былі галоўнымі дзеючымі асобамі ў лісце. Ці жывыя яны? На чыім баку яны (альбо іх дзеці) у расейска-украінскай вайне? Дзе яны, гаспадары гэтай хаты, зараз?