Крыж — не проста прылада пакарання Ісуса. Крыж — сімвал, напоўнены глыбіннымі, асноватворнымі сэнсамі хрысціянскай веры.
На Крыжы Усемагутны Бог адмаўляецца ад сваёй усемагутнасці і добраахвотна становіцца бяссільным і ўразлівым чалавекам.
Здавалася б, – Ён прайграў. Ён прыніжаны, збіты, асуджаны на ганебную смерць. Ён памёр у пакутах. Але менавіта ў гэтай паразе хрысціяне бачаць глыбінны сэнс сваёй веры. Мы лічым гэтую паразу той перамогай, якая дастаецца не сілай зброі, прымусам улады, не грашыма, не здзіўленнем ад цудаў. Яна дасягаецца НАЎМЫСНЫМ БЯССІЛЛЕМ
.
Ён — Усемагутны Бог! Адно Яго слова і свет перастае існаваць. Адно Яго слова і мірыяды анёлаў абвяшчаюць Яго славу і ўладу ва ўсіх канцах зямлі. Адно Яго жаданне і свет аслеплены славай Яго Боскасці. Але Ісус перамагае не гэтым. Ён перамагае Крыжам — як сімвалам адмовы ад магутнасці Творцы Космасу.
Яго Крыж — крайні аргумент у дыялогу любові. У смерці на Крыжы Ён становіцца супрацьлегласцю Сабе Самому як Усемагутнаму Богу. Ён з вышыні непасціжнай славы спускаецца да пякельных глыбінь страшных пакут і смерці.
Чалавек-хрысціянін, прымаючы Крыж Ісуса як сімвал сваёй веры, пакліканы памятаць, што КРЫЖ НЕ МОЖА БЫЦЬ ЗНАКАМ ЗЯМНОЙ МАГУТНАСЦІ, СІЛЫ ЦІ ПРЫМУСУ.
Такое разуменне Крыжа і хрысціянскай веры было б не чым іншым, як антыхрысціянствам — рэлігіяй антыхрыста.
ПРЫМАЮЧЫ КРЫЖ , НЕМАГЧЫМА ПРАПАВЕДАВАЦЬ НІЯКУЮ ЗЯМНУЮ ВЕЛІЧ, няхай гэта будзе веліч тваёй краіны, царквы ці культуры.
Прыняўшы Крыж, мы не можам падтрымліваць сілу ўлады, зброі ці грошай.
Крыж — гэта добраахвотна прынятае бяссілле, у якім і нараджаецца сіла самых глыбокіх і дзейсных змен у жыцці чалавека і свету. Амін!