І ўсё ж, з глыбіні душы ўздымаецца вялікае і сур’ёзнае пытанне: ці можам мы, забыўшыся пра ўсе няшча…

І ўсё ж, з глыбіні душы ўздымаецца вялікае і сур’ёзнае пытанне: ці можам мы, забыўшыся пра ўсе няшчасці чалавецтва, насалодзіцца Божай радасцю? Як вызнаваць радасць у Богу, Які прыйшоў уратаваць людзей, калі мы не атаясамліваем сябе з тымі, хто пакутуе ад усяго таго, што прыгнятае сучасны сьвет?
Адказ дае нам евангеліст Лука. Пастухам з’яўляецца анёл, каб абвесціць ім добрую вестку пра нараджэнне Ісуса: «Бо цяпер нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк. 2, 11). Каб мы маглі Яго пазнаць, апостал Лука дае нам знак, неспасцігальны розумам: «І вось вам знак: вы знойдзеце Дзіцятка ў пялюшках, якое ляжыць у яслях» (Лк. 2, 12). Сказана – зроблена! Пастухі не абмяжоўваюцца толькі прыняццем добрай весткі. Яны тут жа спяшаюцца па гэтай прыкмеце адшукаць вярцеп.
Менавіта гэтай рухаючай сілы нам часта і не хапае. Несумненна, прычынай таму – беднасць нашай веры і любові. Але яшчэ больш таму, што мы схільныя захраснуць у сваіх няшчасцях, схільныя спыняцца перад перашкодамі і не без пэўнага задавальнення замыкацца ў сабе замест таго, каб паспяшацца паглядзець на неба і ўбачыць там зорку – дадзены нам знак вялікай радасці. Нам нарадзілася Немаўля і спіць у яслях!
«Як Бог, якога ўвесь свет змясціць не можа, змяшчаецца ў матчыным улонні?! Як Той, хто сядзеў праваруч Айца, цяпер ляжыць на руках Маці?! Ён адзіны гэта ведае, Ён пажадаў гэтага, Ён быў ласкавы так зрабіць! Ён быў без плоці і па Сваёй волі ўцялесніўся…», – гаворыцца ў адным з сённяшніх літургічных спеваў.
Гэта і ёсць наша надзея, наша ўпэўненасць! Праз учалавечванне Бога ўсё можа быць збаўлена. Трэба мець цвёрдасць духу, каб у сучасным свеце несці ў сэрцах вестку надзеі аб Хрысце, які пасярод нас і ратуе нас.
Вось гэтую цвёрдасць духу і нясуць духавенства і прыхаджане нашага Экзархату!
Я дзякую вам, дарагія айцы, дарагія браты і сёстры з усёй Літвы. Гэтыя часы былі нялёгкімі для кожнага з нас, але праз вас я адчуваў Божую падтрымку і Яго блізкасць.
Дзякуй таксама дарагім сябрам з брацкіх цэркваў! Ваша дапамога, і не толькі малітоўная, падтрымлівала і дапамагала нам. Дзякуем літоўскім ўладам, незалежна ад партыйнай прыналежнасці! Вашае разуменне і падтрымка неацэнныя для нас!
Рыхтуючыся сустрэць новы, 2025 год, я жадаю Божых дабраславенняў Вам, Вашым сем’ям і ўсім тым, хто Вам дарагі. Запэўніваю усіх, што я малюся разам з усімі хто жыве і працуе, з усімі хто пакутуе і церпіць, і асабліва з тымі, хто ў журбоце, нястачы і роспачы.
Ад усёй душы жадаю ўсім, каб мы жылі ў міры, згодзе і росквіце тут, у дабраславёнай Літве!

Экзарх Сусветнага Патрыярха у Літве, іераманах Юсцін.