Нарадзіўшыся ў Гародзеі каля Нясьвіжу ў настаўніцкай сям’і ў 1926 годзе, юнаком ён прайшоў праз скл…
15.04.2026Грэка-католікі Беларусі
Нарадзіўшыся ў Гародзеі каля Нясьвіжу ў настаўніцкай сям’і ў 1926 годзе, юнаком ён прайшоў праз складаныя выпрабаваньні Другой сусьветнай вайны, быў паранены, меў узнагароды за змаганьне з нацызмам. Апынуўшыся ў эміграцыі, ён скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэту, а затым – папскі Грэцкі калегіюм у Рыме. 23 лістапада 1958 году прыняў сьвятарскі сан.
З 1958 году і да канца жыцьця яго дзейнасць была непарыўна зьвязана з Беларускай каталіцкай місіяй у Лондане. Ён стаў дырэктарам Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны – найбуйнейшага цэнтру беларусазнаўства за межамі Беларусі, які дзякуючы яго намаганьням, захаваў і памножыў унікальныя скарбы беларускай культуры.
Як Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў замежжа, айцец Надсан адыграў важную ролю ў арганізацыі рэлігійнага жыцьця дыяспары і адраджэньні Грэка-Каталіцкай Царквы на Бацькаўшчыне ад пачатку 1990-х. Ён пераклаў Псалтыр і вялікі корпус літургічных тэкстаў Усходняй Царквы на беларускую мову, спрыяў выданьню беларускіх малітоўнікаў і рэлігійнай літаратуры.