15 красавіка, у дзень адыходу да Госпада, успамінаем айца Аляксандра Надсана (08.08.1926–15.04.201…

15 красавіка, у дзень адыходу да Госпада, успамінаем айца Аляксандра Надсана (08.08.1926–15.04.2015) – выдатнага беларускага рэлігійнага і грамадзкага дзеяча ў замежжы. Сёлета адзначаем 100-я ўгодкі з яго нараджэньня.

Сьветлай памяці айцец Аляксандар быў знакавай постацьцю ня толькі для беларускай дыяспары, але і спрычыніўся да адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. 11 сакавіка 1990 году мітрафорны протаярэй Аляксандар Надсан, Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа і рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане (Вялікабрытанія), адслужыў у адзіным на той час у Менску адчыненым каталіцкім храме на Кальварыі Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе на беларускай мове. Гэта была першая адкрытая грэка-каталіцкая літургія ў пасьляваеннай Беларусі. На набажэнства прыйшлі сотні людзей. Ягоны прыезд у Беларусь з грузам гуманітарнай дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і гэтая літургія сталі момантам аднаўленьня адкрытай літургічнай і душпастырскай дзейнасьці Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.