У тым жа 1926 годзе а. Вячаслаў Аношка, які паходзіў з шляхецкай каталіцкай ваколіцы Паплаўшчына пад…
18.02.2026Грэка-католікі Беларусі
У тым жа 1926 годзе а. Вячаслаў Аношка, які паходзіў з шляхецкай каталіцкай ваколіцы Паплаўшчына пад Магілёвам, якая выстаяла супраць прымусовага пераводу ў праваслаўе, быў прызначаны парахам у грэка-каталіцкую парафію ў вёску Альпень, што каля Давыд-Гарадка, дзе ён вёў актыўную місіянерскую дзейнасьць па ўсёй ваколіцы. Стварыў там яшчэ адну ўніяцкую парафію на Мярлінскіх хутарах.
З 1934 да 1944 г. а. Вячаслаў служыў у каталіцкай парафіі славяна-візантыйскага абраду ў Далятычах на Наваградчыне, дзе стварыў выдатны царкоўны хор (некаторыя з харыстаў пазьней нават трапілі ў хор Рыгора Шырмы).
Айцец Вячаслаў Аношка выступаў за адкрыцьцё беларускіх школ. Выкладаў у школе Закон Божы і зьвяртаўся да вернікаў на беларускай мове, распаўсюджваў беларускія хрысьціянскія выданьні, вучыў вернікаў беларускім сьпевам, ладзіў для іх тэатральныя пастаноўкі і ўсяляк спрыяў росту нацыянальнай самасьвядомасьці ў тых парафіях, дзе служыў. Акрамя таго, у Альпені ён арганізаваў сялянаў на асушэньне забалочаных зямель, стварыў там аркестар з 16 духавых інструментаў, які граў на царкоўных сьвятах і іншых урачыстасьцях.