
60 гадоў таму, 18 лютага 1966 г. памёр айцец Вячаслаў (Вацлаў) АНОШКА, які быў сябрам Рады створанага ў верасьні 1939 г. Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы. Пахаваны ён на могілках у Рабэрціне парафіі Язгажэў (гміна Пясэчна), каля паўднёвай ускраіны Варшавы.
Жыхары Альпеня на Століншчыне, якія ведалі айца Вячаслава (так яго называлі вернікі візантыйскага абраду), нават праз паўстагоддзя з вялікай пашанай і ўдзячнасьцю ўзгадвалі гэтага адданага сьвятара-беларуса: «Сьвяты быў чалавек! Шчыры беларус. Такога сьвятара ў нас больш ніколі не было! Ды й ці будзе калі?..»
100 гадоў таму, у 1926 годзе, пасьля падрыхтоўкі ва Ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альберціне, што пад Слонімам, а. Вацлаў Аношка атрымаў права на служэньне ва ўсходнім абрадзе. У Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі ён першы з сьвятароў перайшоў ва ўсходні абрад.