Асьветлены боскім зьзяньнем, ты скрышыў лукі і стрэлы дэманаў ласкаю Боскага Духа, і сваімі вучэньнямі выкрыў іхнюю злосьць і хітрасьці. Ты быў ясным сьветачам для манахаў, красою пустыні, нямоглых выдатным і пачэсным лекарам і вобразам дабрадзейнага жыцьця, ойча Антоне.
Чысты душою і сэрцам, зямны анёл, чалавек нябесны, настаўнік чысьціні, прыклад устрыманасьці, ты, Антоне, цяпер жывеш з тваім Уладаром і пяеш нязмоўкна хвалу Яму разам з анёламі, сьвятымі айцамі і мучанікамі. Ад лютых бедаў і правінаў ахоўвай тых, што спраўляюць сьвятую памяць тваю.