Апостал дня Любасныя! Хто кажа: “Я люблю Бога”, – а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня …

Апостал дня

Любасныя! Хто кажа: “Я люблю Бога”, – а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць? І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.

Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць народжанага ад Яго. Што мы любім дзяцей Божых, спазнаём з таго, калі любім Бога і трымаемся запаведзяў Ягоных. Бо гэта ёсьць любоў да Бога, каб мы трымаліся запаведзяў Ягоных; і запаведзі Ягоныя ня цяжкія.

Бо кожны народжаны ад Бога перамагае сьвет; і гэта ёсьць перамога, якая перамагла сьвет – вера нашая. Хто перамагае сьвет, як ня той, які верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы? Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, Які прыйшоў вадою і крывёю (і Духам), не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сьведчыць пра Яго, бо Дух ёсьць ісьціна. Бо тры сьведчаць на небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры – Адно. І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў: і гэтыя тры пра адно.

Калі мы прымаем сьведчаньне людзкое, сьведчаньне Божае – большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго. Хто веруе ў Сына Божага, мае сьведчаньне ў самім сабе; хто ня веруе ў Бога, той робіць Яго ілжывым, бо ня верыць у сьведчаньне, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго. Сьведчаньне гэтае ў тым, што Бог дараваў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным. Хто мае Сына (Божага), мае жыцьцё; хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця. Гэта напісаў вам я, хто верыць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што вы, веруючы ў Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае.

І вось, якую адвагу мы маем перад Ім, што, калі просім чаго па волі Ягонай, Ён слухае нас; А калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, – ведаем і тое, што атрымліваем ад Яго, чаго просім.

Калі хто бачыць брата свайго, як ён учыняе грэх не на сьмерць, дык няхай моліцца, і Бог дасьць яму жыцьцё, яму, хто грашыць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: не пра тое кажу, каб ён маліўся. Усякая няпраўда ёсьць грэх, але ёсьць грэх не на сьмерць. Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, не грашыць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе, і ліхі не чапае яго.

Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у зьле. Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам (сьвятло і) розум, каб спазналі (Бога) сапраўднага і каб былі мы ў Сапраўдным Сыне Ягоным, Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Сапраўдны Бог і жыцьцё вечнае. Дзеці! Бараніце сябе ад ідалаў. Амін. (1 Ян. 4, 20 – 5, 21)