Першы касьцёл у Лагішыне быў пабудаваны за сродкі пінскага старосты Альбрэхта Радзівіла ў 1634 г. Быў ён драўляны. Пры ім неўзабаве была ўтворана місія езуітаў, зьявіўся шпіталь (1670). Цікава адзначыць, што знаходзіўся той стары касьцёл, як і цяперашні мураваны, у цэнтры Лагішына, на мясцовым рынку, але трохі на іншым месцы – там, дзе цяпер стаіць мураваная праваслаўная царква Перамяненьня Гасподняга. Побач драўлянага касьцёла на рынку стаяла драўляная ўніяцкая Прачысьценская царква, збудаваная ў 1771 г. (першая царква згадваецца ў 1576 г.) Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай у 1795 г. вернікаў уніяцкай парафіі колькасьцю 1110 чалавек мужчынскага і 1052 жаночага полу спрабавалі зрабіць праваслаўнымі. Вядома, што лагішынскі ўніяцкі сьвятар Ёсіф Агіевіч адмовіўся зьмяніць веравызнаньне, напэўна і частка ўніятаў таксама. Уніяцкая царква зьнікла ў агні пажару ў 1842 г. Месца гэтага храму было адзначана невялікай мураванай капліцай (пабудавана не раней 1870 г.), сёньня яна знаходзіцца паміж касьцёлам і царквой.
БЕЛАРУСКІЯ НАВІНЫ