11-12 жніўня 2023 г. у Лагішыне адбыўся традыцыйны марыйны фэст Пінскай дыяцэзіі ў гонар Маці Божай…

11-12 жніўня 2023 г. у Лагішыне адбыўся традыцыйны марыйны фэст Пінскай дыяцэзіі ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесься. Сёлета ён быў адметны тым, што сьвяткавалі 110-ыя ўгодкі асьвячэньня касьцёла сьв. апосталаў Пятра і Паўла. Там створаны санктуарыюм, дзе ўшаноўваецца цудатворны абраз Маці Божай Лагішынскай, якая лічыцца Апякункай Палесься. Ён вядомы шматлікімі Божымі ласкамі, якія вернікі атрымліваюць у гэтым месцы праз заступніцтва Багародзіцы.

Па традыцыі сёлета ў Лагішын прыйшлі дзьве пешыя пілігрымкі – з Баранавічаў і Бярозы, а грэка-католікі, што прыехалі з Берасьця, сьпявалі Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы. Ужо ня першы год яго разам сьпяваюць і рыма-католікі, што зьбіраюцца ў санктуарыюме. Вечарам 11 жніўня гэтае набажэнства да Маці Божай узначальваў Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), з якім служыў дыякан з Івацэвічаў Вячаслаў Гарчакоў. Разам з вернікамі Акафіст Багародзіцы таксама маліўся дапаможны біскуп Пінскі Казімер Велікаселец.