25 верасня 1965 г. у шпіталі Святога Бернарда ў Гільдэсгайме памёр беларускі святар і навуковец Міха…

25 верасня 1965 г. у шпіталі Святога Бернарда ў Гільдэсгайме памёр беларускі святар і навуковец Міхась Маскалік (1903-1965).

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі.

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

На фота: Беларуская царква ў Віндышбергердорфе. Айцец Міхась Маскалік з вернікамі.