Разам з заслужаным 78-гадовым ярархам Уладыкам Тадэвушам і Архімандрытам Сяргеем Еўхарыстыю саслужылі самы малады беларускі ярарх, каад’ютар Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі, айцы кармяліты босыя, якія нясуць служэньне ў Гудагайскім санктуарыюме, на чале з яго кусташам айцом Аркадзем Куляхам і больш за дзясятак іншых сьвятароў. Грэка-каталіцкі протадыякан Вячаслаў Гарчакоў падчас урачыстай працэсіі з цудатворным абразом Маці Божай нёс Евангельле і чытаў яго падчас сьв. Імшы.
У сваёй прамове архібіскуп Кандрусевіч нагадаў, што 35 гадоў таму, 25 ліпеня 1989 году, менавіта тут, у гудагайскай сьвятыні было абвешчана аб яго прызначэньні першым пасьля Другой сусьветнай вайны біскупам у Беларусі. Гэтая гістарычная падзея распачала працэс адраджэньня і разьвіцьця Каталіцкай Царквы на нашых землях. Заслужаны ярарх падзякаваў Богу, Маці Божай, сьвятарам, манаству і вернікам за падтрымку і малітвы за яго.