Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў Бярозе не падаўжаюць кантракт настаўніку вышэйшай катэгорыі, навукоўцу, «выдатніку адукацыі», вялікаму аматару беларускай мовы і літаратуры, выкладчыку-метадысту, лектару курсаў перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў пры Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. Пушкіна Жуковічу Мікалаю Васільевічу. Ён з’яўляецца аўтарам школьных падручнікаў па беларускай літаратуры для пачатковых і сярэдніх класаў.
Мікалай Жуковіч 26 гадоў працаваў дырэктарам першай школы горада Бярозы, выкладаў беларускую мову і літаратуру, займаўся навуковай дзейнасцю, быў аўтарам метадычных дапаможнікаў для настуаўнікаў, арганізоўваў сустрэчы з культурнымі дзеячамі для сваіх вучняў.
Мясцовыя звязваюць скасаванне працоўных зносін з падзеямі жніўня 2020 года. Тады Мікалай Жуковіч адмовіўся ад ўдзелу ў фальсіфікацыі выбараў, а пасля і наогул адмовіўся весці групу настаўнікаў у Мінск на праўладны мітынг 16 жніўня 2020 года. Пасля гэтага ён пазбавіўся пасады дырэктара і заняў пасаду намесніка дырэктара. Па непацверджанай інфармацыі, аддзел адукацыі Бярозаўскага райвыканкама прыняў рашэнне не працягваць кантракт з дасведчаным настаўнікам.