​«Стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю». Святлана Ціханоўская выступіла перад міністэрс…

«Стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю». Святлана Ціханоўская выступіла перад міністэрскім камітэтам Рады Еўропы

Учора, 6 ліпеня, Святлана Ціханоўская выступіла перад міністэрскім камітэтам Рады Эўропы. Удзел у паседжанні ўзялі прадстаўнікі больш чым 50 краінаў.

Ціханоўская выступіла з заклікам стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю і адзначыла шэраг напрамкаў, у якіх павінна развівацца сяброўства з Радай Еўропы ўжо цяпер: падрыхтоўка рэформаў, транзітнага перыяду, распрацоўка і рэалізацыя праграмаў падтрымкі правабаронцаў, медыяў, жанчынаў, моладзі, юрыстаў (адвакатаў), культурных дзеячаў.

Ціханоўская заявіла, што смяротнае пакаранне будзе адмененае адразу пасля дэмакратычных пераменаў. Менавіта праз смяротнае пакаранне Беларусь была пазбаўленая права сяброўства ў Радзе Еўропы. Ціханоўская распавяла пра беларускіх партызанаў, якім пагражае смяротнае пакаранне.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што Лукашэнка не прадстаўляе Беларусь і беларусаў, і яго прадстаўнікі павінны быць пазбаўленыя права выступаць ад нашага імя.

Выступ Святланы Ціханоўскай выклікаў шматлікія рэакцыі прадстаўнікоў камітэту. Слова ўзялі рэкордныя 27 спікераў: кожны выказаўся ў падтрымку прапановы Ціханоўскай ці задаў пытанне. Выступіў і прадстаўнік Украіны. У адказ Ціханоўская распавяла, што робяць беларусы каб падтрымаць Украіну. Ціханоўская распавяла пра беларускага добраахвотніка Івана «Брэста», які загінуў пару дзён таму ў баях за Украіну.

У адказах на пытанні пра магчымыя перамовы з рэжымам, Ціханоўская сказала, што перадумовай да перамоваў з’яўляецца вызваленне ўсіх палітвязняў.