​​ Крылатыя выразы, шкодныя не толькі для асабістага жыцця, але і для суверэнітэту беларускага народ…

​​ Крылатыя выразы, шкодныя не толькі для асабістага жыцця, але і для суверэнітэту беларускага народу

Ананімны аналітык CYNIC паразважаў у сваім тэлеграм-канале пра народны суверэнітэт. Ён у тым ліку піша, што суб’ектнасць (і суверэнітэт) грамадзянскай супольнасці пачынаецца з суб’ектнасці асобнага грамадзяніна. І кажа пра ўплыў выхавання, адукацыі да сацыяльных установак на гэта.

З гэтай нагоды мы вырашылі прыгадаць шкодныя выразы, на якіх шмат хто з нас з вамі вырас. Упэўненыя, вы не раз у сваім жыцці чулі нешта кшталту: «сям’я — ячэйка грамадства», пра чалавека кажуць, што ён ці яна проста «шрубка ў сістэме», «палітыка — брудная справа», «добра не жылі — няма чаго і пачынаць», «зверху лепш відаць» і гэтак далей.

Пра што гэтыя ўстаноўкі? Калі табе ўсё жыццё кажуць, што ты толькі «шрубка ў сістэме» ды «маленькі чалавек», а твая сям’я — «ячэйка грамадства», то гэта зусім не пра суб’ектнасць. Гэта пра тое, что чалавек — частка вялізнай сістэмы, якую не змяніць. Лепш — сядзець ды маўчаць, нават калі нешта не падабаецца. Бо што? «Людзям зверху лепш відаць» — напэўна, па-іншаму рабіць немагчыма.

Ды ўвогуле, якія змены? Навошта цягнуцца да нечага лепшага? Дзеля чаго мяняць тое, што гэтулькі год працуе? «Добра не жылі — няма чаго і пачынаць».

Гэта ўсё — шкодныя ўстаноўкі як для асабістага жыцця чалавека, так і для суверэнітэту народу. Бо суверэнітэт народу немагчымы без суверэнітэту яго асобных адзінак.

Таму яшчэ адзін крок да ўсведамлення сваёй суб’ектнасці — знайсці вось такія ўстаноўкі, з якімі мы жывем, асэнсаваць іх і больш ніколі не ўжываць. І дапамагчы людзям навокал з гэтым.

Мы, беларусы, ужо паказалі, што гатовыя браць адказнасць за будучыню сваёй краіны. Давайце не губляць гэта, а толькі пашыраць.

@honestpeople_by
#мычестныелюди #мысумленныялюдзі #строимгражданскоеобщество