Нам вельмі шанцавала на браткоў…Адзін сцвярджаў і кляўся,Біў у грудзі,Што беларус праз некалькі га…

Нам вельмі шанцавала на браткоў…
Адзін сцвярджаў і кляўся,
Біў у грудзі,
Што беларус праз некалькі гадкоў
Сваё найменне
Назаўжды забудзе.
Бо ён, psia krew,
Адвеку тут такі-
Хоць беларус чысцейшы,
Без падмесу.
Але ўжо дзеткі будуць – палякі,
Бо край тутэйшы-
Nasze wschodnie kresy.
Другі, дужэйшы,
Першаму сказаў
З пагардаю бліснуўшы вокам вузкім:
” Он русский чистокровный , ты не прав.
Его язык лишь искажённый русский.
Северо-Запад –
Наш исконный край,
Все эти kresy-
Домыслы пустые
И землю эту как ни называй-
Она одно – окраина России.
Нарэшце пагадзіліся бакі
Што існуюць бясспрэчныя прыкметы:
Каталікі з тутэйшых – палякі,
А веры праваслаўнай – русапеты…
Магутны Божа!
Хцівасць пакарай!
Здымі праклён “братэрскае” апекі.
Мы – БЕЛАРУСЬ!
Не “kresy” і не “край”.
Учора, сёння, заўтра
І давеку….

Сёння – #МоўнаяСерада!
Размаўляем, распавядаем, спрачаемся, згаджаемся і незгаджаемся па-нашаму, па-беларуску!
Жыве Беларусь!