
«Няхай жыве магутны, смелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух».
19 верасьня 1991 году бел-бырвона-белы сцяг і герб Пагоня сталі дзяржаўнымі сымбалямі незалежнай Беларусі. Старажытная наша Пагоня, вернутая ў беларускую дзяржаўную традыцыю дзеячамі нацыянальнага адраджэньня, і бел-чырвона-белы сцяг, пад якім паўстала Беларуская Народная Рэспубліка, нарэшце занялі належнае ім месца – сталі сымбалямі незалежнае беларускае дзяржавы і беларускага народу.
Праз няпоўныя чатыры гады лукашэнкаўскі рэжым пры падтрымцы сваіх маскоўскіх гаспадароў замяніў іх на крыху пераробленыя савецкія сымбалі, знакі эпохі рэпрэсіяў, нацыянальнага прыгнёту і актыўнай русіфікацыі. Але пазбавіць беларусаў іх сцяга і герба яму не ўдалося. Бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня засталіся сымбалямі нашай годнасці, супраціву і імкнення да Незалежнасці. Гэта яскрава паказаў 2020 год, калі пад бел-чырвона-белымі сцягамі сотні тысяч беларусаў выйшлі бараніць свае галасы.
Народны рух да волі працягваецца. Беларусь ізноў будзе свабоднай і сапраўды незалежнай. А бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня вернуцца на належнае ім месца.
Віншуем усіх беларусаў, якія шануюць нашыя нацыянальныя сымбалі, нашыя найпрыгажэйшыя на свеце Сцяг і Герб.
Са сьвятам бел-чырвона-белага сьцяга і герба Пагоня!
Жыве вольная Беларусь!