Зянон Пазьняк крытыкуе паводзіны «невераятных» і заклікае да нацыянальнага Адраджэньня Беларусі

Канал Шукаем Беларусаў #Навіны_суполак #Палітыка

ПА СПРАВЕ

Нядаўна мной быў надрукаваны матар“ял пра «балаган» і паводзіны «невераятных». Закранутая тэма аб народным няшчасьці. Узбудзіліся некаторыя асобы і «смі». У 1001 раз ім захацелася выказацца супроць Пазьняка. Слаба яны выглядаюць.

У мяне (у адрозьненьне ад іх) ёсьць станоўчы практычны (і гістарычны) вынік дзейнасьці. У невераятных – адмоўны вынік. Маю палітычны абавязак пра гэта напісаць і папярэдзіць аб адказнасьці.

Вынікі іхняга становішча і паводзінаў у 2020-м і па сёньняшні дзень такія: разгром беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. Узмацненьне расейскай унутранай акупацыі Беларусі і расейскага ўплыву. Умацаваньне антынацыянальнага прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі. Масавыя антынацыянальныя рэпрэсіі, масавая турма (тысячы чалавек) для Беларускага Народа. Масавая эміграцыя беларусаў (сотні тысячаў) за мяжу з пазбаўленьнем правоў. Больш дзясятка даведзеных да сьмерці і забітых.

Прытым самы «невераятныя» таксама апынуліся ў турме і ў эміграцыі, нічога не зразумеўшы, бо заказчыкі правальшчыкаў не ганаруюць.

Справакавана нацыянальная катастрофа і перамога Расеі над Беларусяй. Вось вынік тых, якія, па волі Масквы, апынуліся на паверхні падзей.

Масква не дасягнула цалкам пастаўленых мэтаў. Беларусь засталася быць. Бо народ скансалідаваўся пад нацыянальным Сьцягам і не пайшоў за белымі стужкамі.

І вось тады пачалася помста дыктатараў: пагром ўсіх — і народа, і праваленых «невераятных», якія сталі цяпер для Масквы выкінутым сьмецьцем, падабраным пазьней Эўразьвязам.

Магчыма, некаторым здаецца, што паражэнцы 2020-га, падтрыманыя эўрагрантамі, зноў нешта значаць. Толькі тое, што яны імітуюць, гавораць і выдумляюць, беларусы ўжо бачаць, чуюць, і правільна разумеюць.

Нічога не атрымаецца, господа. Будучыня за нацыяй і Адраджэньнем. Беларусь вечная.

Д а д а т а к. Аб «Нашай Ніве»

«Наша Ніва» (1906–1915) – гэта сакральная беларуская газэта, якая падрыхтавала базу для беларускай незалежнасьці (БНР) і для беларускай ідэі нацыянальнага Адраджэньня. Гэзэту вялі браты Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля і іншыя вялікія адраджэнцы. Газэта выхавала цэлае пакаленьне беларускіх адраджэнцаў і вялікіх нацыянальных паэтаў.
Тое, што ўзьнікла ў 90-я пад назовам «Наша Ніва», адразу было задумана, як кампрамэтацыя сакральнага гістарычнага выданьня. Так яно разьвівалася і так яно атрымалася ў канцовым выніку, які бачым, даўно.
Побач зь беларускім асьветніцтвам і зьвесткамі пра культуру, ды часам рэдкімі матар“яламі пра гісторыяю, тут — палітычная і бытавая жаўцізна, нізкі ўзровень, пошласьць, брыдкая прапаганда, маніпуляцыі і ахайваньне ў дачыненьні да беларускай нацыянальнай палітыкі і палітыкаў, залежнасьць ад чужых. Там шмат прымітыўнага і ганебнага, што кідае цень на гістарычную ролю і спадчынную сьветласьць знакамітага нацыянальнага выданьня. Але той, хто задумваў такое паніжэньне, таму, на жаль, удалося.
Найлепш, каб газэта зьмяніла назоў. Бо не сваім імем яна называецца. Ня ў стане яна насіць гэтае імя. Няма ні ўзроўню, ні адказнасьці, ні абавязку.
Ня гледзячы на маю крытыку, тут не сарказм, а добрая прапанова дзеля павагі да гісторыі і кульуры. Можна было б назвацца, напрыклад, «Новая ніва». Назва падобная. Захаваліся б і падпісчыкі, і чытачы, але не ўзьнікала б фармальнай сувязі з гістарычным знакамітым выданьнем.
Такое здараецца ў выдавецкай справе. Напрыклад, некалі вядомая «Народная Газэта» пераназвалася як «Народная Воля» і нічога для чытачоў не перакулілася, бо засталося ключавое пазнавальнае слова. Толькі для газэты Іосіфа Сярэдзіча зьмена назвы не была прынцыповай, а для «Нашай Нівы» гэта быў бы станоўчы культуралагічны крок.

Зянон Пазьняк
8-ХІ-2026.