#Польшча: 252 млн злотых на даплаты
У 2027 годзе польская дзяржава можа пачаць даплачваць да ўнёскаў у ZUS (Установа сацыяльнага страхавання) і NFZ (Нацыянальны фонд аховы здароўя) за творцаў з нізкімі заробкамі. У праекце бюджэту на культуру, які 20 кастрычніка падтрымала культурная камісія Сейму (ніжняй палаты парламента Польшчы), на гэта закладзена 252 млн злотых (≈ 59 млн EUR).
Даплаты атрымаюць тыя, хто мае статус прафесійнага мастака, а сярэдні даход за тры гады — не вышэй за 125% мінімальнага заробку. Паводле Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, гэта каля 21 тыс. чалавек.
Паводле праекта, заяўку змогуць падаць і пэўныя катэгорыі замежнікаў(-ц), якія жывуць у Польшчы. Сярод іх асобы са статусам уцекача або дадатковай абаронай.
Канчатковы пералік відаў на жыхарства трэба будзе правяраць у тэксце закона. Тым, хто вядзе JDG (індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць, статус не дадуць.
Цяпер закон разглядае Сенат (верхняя палата парламента), пасля — слова за прэзідэнтам.
✦✦✦
#Германія: страхоўка на перыяды без замоваў для творцаў на фрылансе
16 кастрычніка Bundesrat (палата, у якой прадстаўлены ўрады нямецкіх земляў) падтрымаў ініцыятыву зямлі Nordrhein-Westfalen (Паўночны Рэйн-Вестфалія). Ён заклікае федэральны ўрад дадаць у Künstlersozialkasse, KSK (Каса сацыяльнага страхавання творцаў), новую частку на выпадак часовай страты даходу. Цяпер KSK пакрывае пенсію, медыцыну і догляд, а страхоўкі на перыяды без замоваў няма.
Мадэль прапанаваў юрыст Даніэль Ульбер у даследаванні, якое замовіла Nordrhein-Westfalen. Унёскі ў новую частку плацілі б самі мастакі(-чкі), федэральны бюджэт і кампаніі, што карыстаюцца мастацкай працай. Памер унёскаў залежаў бы ад даходу, а выплаты — ад таго, колькі чалавек заплаціў раней.
Ці з’явіцца такая страхоўка, цяпер вырашае федэральны ўрад у Берліне.
навіны | магчымасці | чат | сайт
Instagram | Facebook | Падтрымаць!