9 кастрычніка 1929 года памёр каталіцкі святар, адзін з заснавальнікаў беларускага хрысціянскага рух…

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

9 кастрычніка 1929 года памёр каталіцкі святар, адзін з заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху

Адам Лісоўскі нарадзіўся ў 1882 годзе ў вёскі Каранды (сёння Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці).

Скончыў Віленскую духоўную семінарыю ў 1903 годзе, пасля чаго працягнуў навучанне ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. У 1907 годзе быў пасвечаны на ксяндза. З гэтага часу пачаў працаваць у Мінску ў Польскім таварыстве «Асвета», якое займалася арганізацыяй нелегальнага польскамоўнага і рэлігійнага (каталіцкага) навучання.

Лісоўскі служыў у розных парафіях на беларускіх землях: у Магілёве, Мінску, Гарадзішчы, Ігумене і Анопалі. У 1911 годзе выконваў абавязкі адміністратара ў мінскім касцёле Святога Сымона і Святой Алены. З 1914 года быў пробашчам у маёнтку Гарадзішча, які належаў сям’і Скірмунтаў.

У 1922 годзе ён узначаліў Мінскі дэканат. Аднак 31 мая 1922 года быў арыштаваны савецкімі ўладамі і асуджаны на пяць гадоў зняволення. Тэрмін адбываў у Мінску, Маскве і Яраслаўлі. 28 красавіка 1924 года, у выніку абмену палітычнымі вязнямі, быў вызвалены і трапіў у Польшчу, дзе працягнуў служэнне ў Гарадзішчы каля Пінска і ў Віннай на Падляшшы.

Лісоўскі актыўна выступаў за беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі. Ён пераклаў на беларускую мову часткі Новага Запавету, уключаючы Апакаліпсіс, Апостальскія дзеі і лісты Святога Паўла. Па ўласным жаданні быў пахаваны ў Кляшчэлях на Беласточчыне побач з ксяндзом Адольфам Пласкавіцкім, сваім духоўным настаўнікам.

Лісоўскі таксама адыграў значную ролю ў фарміраванні беларускай нацыянальнай свядомасці ксяндза Адама Станкевіча — аднаго з рупліўцаў беларускай справы ў Вільні і аднаго з дырэктараў Віленскай беларускай гімназіі.