
Ватыкан — Сірыя — Ліван
14 верасня Патрыярх Антыяхійскі і ўсяго Усходу Ян X сустрэўся з Папам Рымскім Львом XIV у Апостальскім палацы Ватыкана. Галоўнай тэмай перамоў стала становішча хрысціян на Блізкім Усходзе, асабліва ў Сірыі і Ліване. Патрыярх распавёў пра сітуацыю ў рэгіёне, падкрэсліў неад’емнасць хрысціян ад сірыйскага грамадства і заклікаў спыніць атакі на поўдзень Лівана. Таксама абмяркоўвалася справа выкрадзеных мітрапалітаў Алепскіх Паўла Язіджы і Яна Ібрагіма. Папа Леў XIV пацвердзіў гатоўнасць Святога Пасада падтрымліваць ініцыятывы дзеля стабільнасці рэгіёна.
Румынія
17 верасня Патрыярх Румынскі Данііл прыняў у Бухарэсце пасла ЗША па асаблівых даручэннях па міжнароднай рэлігійнай свабодзе Райлі Барнса. Патрыярх прадставіў амерыканскай дэлегацыі становішча з рэлігійнай свабодай у Румыніі і расказаў пра малітоўную і гуманітарную падтрымку Украіны. Бакі таксама абмеркавалі сусветную геапалітычную і рэлігійную сітуацыю і праблемы моладзі, у тым ліку залежнасці, індывідуалізм і сацыяльную ізаляцыю.
Турцыя
Пад саборам Святой Сафіі ў Стамбуле пацверджана існаванне сеткі падземных хадоў агульнай працягласцю каля дзевяці кіламетраў. Міністр культуры і турызму Турцыі Мехмет Нуры Эрсой паведаміў, што ўжо пачалася ачыстка і рэстаўрацыя даступных участкаў. Частка праходаў застаецца закрытай з-за абвалаў. Працягваюцца таксама работы па ўмацаванні галоўнага купала Святой Сафіі і захаванні яго мазаік. Богаслужэнні і наведванне храма працягваюцца.
Бельгія — ЕС
17 верасня ў Бруселі адбылося пасяджэнне Камітэта прадстаўнікоў праваслаўных цэркваў пры Еўрапейскім саюзе пад старшынствам мітрапаліта Бельгійскага Афінагора. Удзельнікі з прадстаўнікоў Канстанцінопальскага Патрыярхата і Праваслаўных Цэркваў Грэцыі, Румыніі і Балгарыі абмеркавалі будучыя мерапрыемствы, супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі і падрыхтоўку новых праектаў.
Літва — Фінляндыя — Эстония — Украіна
Архіепіскап Хельсінкскі і ўсёй Фінляндыі Ілія наведаў Літву для падтрымкі духавенства Літоўскага экзархата Канстанцінопальскага Патрыярхата і ўмацавання супрацоўніцтва. 17 верасня ён разам з епіскапам Панарэтам і святарамі з Эстоніі і Украіны здзейсніў Боскую літургію. Архіепіскап адзначыў, што Экзархат знаходзіцца на раннім этапе станаўлення і мае патрэбу ў маральнай, духоўнай і фінансавай падтрымцы. Фінляндская Царква мае намер садзейнічаць яго развіццю ў літоўскім грамадстве.
Патрыярхат Іерусалімскі паведаміў пра візіт Патрыярха Балгарскага Данііла на Святую Зямлю 25–30 верасня. 27 верасня ён разам з Патрыярхам Іерусалімскім Феафілам III здзейсніць Боскую літургію каля Гроба Гасподняга. У Іерусалімскім Патрыярхаце адзначылі, што сустрэча засведчыць гістарычныя і духоўныя сувязі дзвюх Цэркваў і іх еўхарыстычныя зносіны. Падчас малітвы будуць узносіцца прашэнні аб захаванні хрысціянскай прысутнасці на Святой Зямлі і міры на Блізкім Усходзе.
Вялікабрытанія
Універсітэт Чычэстэра прысвоіў Усяленскаму патрыярху Варфаламею званне ганаровага доктара багаслоўя. Узнагароду ўручылі падчас яго візіту ў Вялікабрытанію. Універсітэт адзначыў уклад Патрыярха ў багаслоўскую навуку, міжхрысціянскі і міжрэлігійны дыялог, абарону правоў чалавека і навакольнага асяроддзя, а таксама яго намаганні дзеля рэлігійнай свабоды, чалавечай годнасці і міру.
Сакартвэла
Грузінская Патрыярхія заявіла, што большая частка сродкаў, выдзеленых на пахаванне Каталікоса-Патрыярха Іліі II, не была выкарыстана. Паводле прэс-сакратара Патрыярхіі протаіерэя Андрыя Джагмаідзэ, многія арганізацыі і прыватныя асобы адмовіліся ад аплаты сваіх паслуг. Прэм’ер-міністр Сакартвэлы Іраклій Кабахідзэ паведаміў, што з папярэдне выдзеленых 3 млн лары фактычна было выдаткавана 722 тыс. лары. Ён падкрэсліў, што дадзеныя яшчэ патрабуюць вывучэння.