8 верасня 1514 года адбылася знакамітая Бітва пад ОршайГэта вялікая баталія паміж саюзнымі войскам…

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

8 верасня 1514 года адбылася знакамітая Бітва пад Оршай

Гэта вялікая баталія паміж саюзнымі войскамі ВКЛ і Каралеўства Польскага пад агульным камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага і войскам Вялікага Княства Маскоўскага пад камандаваннем ваяводы Івана Чалядніна.

У жніўні 1514 года маскоўская армія, узначаленая Васілём ІІІ, захапіла Смаленск і працягнула наступ на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, захапіўшы Крычаў, Мсціслаў і Дуброўну. Маскоўскія сілы складаліся пераважна з коннага апалчэння, без артылерыі, і налічвалі 80 000 чалавек. Ім супрацьстаяла армія ВКЛ і Каралеўства Польскага, на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім. Хоць саюзнікі мелі толькі 35 000 ваяроў, іх войска было лепш узброенае і арганізаванае.

Асноўная бітва адбылася 8 верасня 1514 года пад Оршай. Армія Астрожскага разгарнулася ў дзве лініі, і першая атака маскоўцаў была адбіта. У вырашальны момант літоўска-польская кавалерыя спланавана адступіла, каб уцягнуць маскоўскія сілы ў пастку. Іван Чаляднін, упэўнены ў перамозе, павёў сваіх людзей у наступ, але яны апынуліся пад агнём схаванай артылерыі і былі акружаныя. Маскоўскае войска трапіла ў паніку і было разбіта.

Паводле хронік, маскоўцы страцілі каля 30 000 чалавек, а палоннымі сталі Іван Чаляднін і Міхаіл Булгакаў-Голіца. Перамога Астрожскага спыніла наступ Масквы, хоць знясіленыя літоўскія сілы не змаглі адразу вярнуць Смаленск.

У Беларусі гэтая дата неафіцыйна лічыцца Днём вайсковай славы.

Перамога пад Оршай — сведчанне не толькі вайсковага таленту Канстанціна Астрожскага, але і ягонай моцнай веры. Князь быў адным з найбольш вядомых праваслаўных мецэнатаў Вялікага Княства Літоўскага, падтрымліваў цэрквы і праваслаўную культуру.

Сведчанні ягонай удзячнасці Богу захаваліся да нашых дзён. У тым ліку ў Вільні — у Троіцкай царкве, зафундаванай Канстанцінам Астрожскім пасля перамогі пад Оршай.

Таму сёння, у Дзень Нараджэння Божай Маці, наш хор выканае таксама гімн ваяроў ВКЛ — «Багародзіца Дзявіца».