
ЗША
Злучаныя Штаты заявілі пра намер садзейнічаць захаванню гістарычнага і рэлігійнага значэння манастыра святой Кацярыны на Сінаі. У Дзярждэпартаменце падкрэслілі, што прызнаюць унікальную каштоўнасць абіцелі і падтрымліваюць намаганні па захаванні яе гістарычнай і духоўнай спадчыны. Раней дарадца прэзідэнта ЗША Масад Булас перадаў архіепіскапу Сінайскаму Сімяону асабістую зацікаўленасць Дональда Трампа ў захаванні гістарычнага статусу манастыра.
У мястэчку Ахіёк на Алясцы адзначылі 100-годдзе храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Святочныя богаслужэнні ўзначаліў архіепіскап Сіткінскі і Аляскінскі Аляксей. Падчас урачыстасцей узгадалі святога Пятра Алеута і вернасць мясцовай грамады праваслаўнай традыцыі, якую яна захоўвае ўжо дзесяць пакаленняў.
Патрыярх Іерусалімскі Феафіл III на сустрэчы з паслом ЗША ў Ліване Мішэлем Ісса падкрэсліў, што хрысціянская прысутнасць у Іерусаліме мае жыццёвае значэнне для Блізкага Усходу. Ён адзначыў служэнне Цэркваў Святой Зямлі справе мірнага суіснавання і захавання агульнахрысціянскіх святынь. Пасля сустрэчы пасол наведаў храм Грабніцы Гасподняй, дзе Патрыярх благаславіў яго місію.
Патрыярх Феафіл III таксама паведаміў пра намер сустрэцца з прэзідэнтамі Расіі і Украіны, каб садзейнічаць пошуку шляхоў да спынення вайны. Ён адзначыў, што разглядае місію Іерусалімскага патрыярхату як служэнне прымірэнню, а таксама паведаміў пра падтрымку гэтай ініцыятывы з боку Дональда Трампа, грэцкай дзяржавы і Усяленскага патрыярха Варфаламея.
Германія
У нямецкім Утрэхце прайшла 23-я акадэмічная кансультацыя Еўрапейскага таварыства экуменічных даследаванняў. Удзельнікі абмеркавалі ролю цэркваў ва ўмовах палярызацыі грамадства і пацвердзілі, што падтрымка Украіны і дасягненне справядлівага міру застаюцца адным з галоўных напрамкаў дзейнасці Канферэнцыі еўрапейскіх цэркваў.
Турцыя
Усяленскі патрыярх Варфаламей прыняў у Фанары намесніка мэра Стамбула Нуры Аслана. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся дзейнасць Усяленскага патрыярхату і становішча грэцкай праваслаўнай грамады Канстанцінопаля. Госць уручыў Патрыярху памятныя падарункі, прысвечаныя гісторыі горада.
Румынія
Патрыярх Данііл, звяртаючыся да ўдзельнікаў Міжнароднай сустрэчы праваслаўнай моладзі ў Бухарэсце, заклікаў моладзь мужна сведчыць пра Хрыста і хрысціянскія каштоўнасці. Ён падкрэсліў, што сям’я з’яўляецца малой Царквой, а шлюб з’яўляецца Таінствам Божай любові, у якім дзеці спасцігаюць веру праз малітву і добрыя справы.
Таксама Патрыярх Данііл падзякаваў Усяленскаму патрыярху Варфаламею за падпісанне актаў кананізацыі румынскіх афонскіх святых. Ён адзначыў, што іх літургічнае шанаванне прынясе духоўную карысць усяму праваслаўнаму свету і будзе садзейнічаць умацаванню братэрскіх сувязяў паміж Праваслаўнымі Цэрквамі.
У Маскве затрымалі кіраўніцу дабрачыннага фонду «Дом з маяком» Ліду Маніаву. Яе абвінавачваюць у распаўсюджванні заведама ілжывай інфармацыі пра Узброеныя сілы Расіі. Следства мае намер хадайнічаць пра арышт. Маніява вядомая як заснавальніца дзіцячага хоспіса, які шмат гадоў дапамагае невылечна хворым дзецям, а таксама як актыўная праваслаўная верніца.
Сірыя
У Алепа завершана рэстаўрацыя слупа, на якім у V стагоддзі падзвігаўся прападобны Сімяон Слупнік. Праект стаў часткай праграмы «Святло з Алепа». Да дня памяці святога архіепіскапія арганізавала паломніцтва, у якім разам з мітрапалітам Алепскім Яфрэмам прынялі ўдзел сотні вернікаў.
Украіна
Дзяржаўная служба Украіны па этнапалітыцы і свабодзе сумлення працягнула яшчэ на 60 дзён тэрмін выканання прадпісання Пачаеўскай Свята-Успенскай лаўры аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства. Лаўра патлумачыла, што для выканання патрабаванняў неабходна скліканне Духоўнага сабора і дадатковы час. Калі пасля заканчэння новага тэрміну прадпісанне не будзе выканана, манастыр могуць прызнаць афіляваным з Рускай Праваслаўнай Царквой, што можа стаць падставай для судовага разгляду аб прыпыненні дзейнасці абіцелі.